
САМАРАНКА
Яшчэ ў самым пачатку свайго служэння Выратавальнік на шляху з Іерусаліма ў Галілею сустрэў нейкую жанчыну-самаранку. Пра важнасць гэтай сустрэчы сведчыць хаця б тое, што евангеліст Іаан надае апісанню гэтага эпізода вельмі вялікую ўвагу, а Царква ў велікодны перыяд выдзяляе нядзелю, у якую ўспамінаецца гэтая незвычайная сустрэча.
Згодна яўрэйскіх паняццяў, гэтая жанчына была распусніцай і ерэтычкай: яна мноства разоў выходзіла замуж, прытрымлівалася веры свайго народа. Апосталы здзівіліся, што Настаўнік гутарыць з самаранкай. Аднак яшчэ больш яны былі ўражаны, даведаўшыся, што не ім, а гэтай простай іншапляменніцы Хрыстос упершыню прама сказаў пра сябе, як аб Месіі, і адкрыў ён сутнасць вечнай рэлігіі духу. Гэтая простая жанчына змагла лепш зразумець Ісуса і раздзяліць яго сапраўдны пажытак, чым яго вучні. Яна пачала расказваць пра Месію сярод свайго народа, чаго не маглі яшчэ рабіць вучні.
РАСПУСНІЦА
Евангеліст Іаан расказвае таксама выпадак, калі да Выратавальніка прывялі жанчыну-пралюбадзейку. Згодна іудзейскага закона, яе павінны былі камянямі забіць да смерці. Іудзеі, якія ведалі пра міласэрнасць Хрыста, наўмысна прывялі саграшыўшую жанчыну да яго. Гэтым яны хацелі мець магчымасць абвінаваціць Хрыста ў парушэнні закона або падарваць веру ў яго міласэрнасць сярод народа і вучняў. Выратавальнік не стаў уступаць у спрэчку з імі. Якісьці час ён быццам бы зусім не заўважаў шумны натоўп, штосьці выводзячы пальцам на зямлі. Калі ж Хрыстос узняў галаву, то сказаў толькі некалькі словаў. Аднак яны прымусілі ў сораме і маўчанні разысціся раз'юшаных абвінаваўцаў. "Хто з вас без граху, няхай першы кіне ў яе камень". Выратавальнік і жанчына засталіся адны.
— Жанчына! Дзе твае абвінаваўцы? Ніхто не асудзіў цябе?
— Ніхто, Гасподзь.
— I я не асуджаю цябе; ідзі і надалей не грашы (Ін.8, 7-11).
МАРФА I МАРЫЯ
Для Сакрата жанчына была толькі тупой, надакучлівай істотай, а Будда не дазваляў сваім паслядоўнікам нават глядзець на жанчын. У Іудзеі жанчыны не маглі без мужчыны чытаць штодзённыя малітвы або самі ажыццяўляць паломніцтва ў Іерусалім на галоўныя святы; жанчына не магла чытаць Тору. Да служэння Хрыста не было ніводнага прыкладу, каб яўрэйскія жанчыны станавіліся вучаніцамі вялікіх настаўнікаў, тым больш, каб яны былі іх спадарожнікамі ці навучалі каго-небудзь, акрамя дзяцей.
Выратавальнік аддаў перавагу таму, каб жанчына служыла, як яго вучаніца і паслядоўніца, замест таго, каб прыслужвала яму, выконваючы свой традыцыйны абавязак. Гэта мы бачым на прыкладзе сёстраў Марфы і Марыі.
Настаўнік любіў дом Лазара і яго сёстраў. Гасціннасць гэтай сям'і нярэдка давала яму адпачынак.
Аднойчы, калі Хрыстос прыйшоў да іх, Марфа пачала клапаціцца пра частаванне, а Марыя села ля ног Настаўніка, каб слухаць яго словы. Бачачы гэта, старэйшая сястра звярнулася да Выратавальніка:
— Шаноўны, табе няма справы, што сястра пакінула мяне адну прыслужваць? Скажы ёй, каб дапамагла мне.
— Марфа, Марфа, — адказаў Ісус, — клапоцішся ты і турбуешся пра многае, а адно толькі патрэбна. Марыя добрую долю абрала, якая не адымецца ад яе (Лк. 10, 38-42).
Другая, занатаваная на старонках Евангелля, сустрэча Хрыста з Марыяй і Марфай адбылася пры больш драматычных абставінах. Калі памёр іх брат, Выратавальнік ішоў уваскрэсіць яго, ведаючы, што праз некалькі дзён яго самога напаткае смерць на крыжы. Ізноў мы бачым дзівосны прыклад веры і надзеі, праяўлены евангельскімі жанчынамі. Марфа — адна з нямногіх, каго мы бачым на старонках Евангелляў, хто прама прызнае Ісуса Хрыстом. Сустрэўшы Настаўніка, які яшчэ не ўвайшоў у Віфанію, Марфа з глыбокай душэўнай жалобай звяртаецца да яго.
— Гасподзь! Калі б ты быў тут, не памёр бы брат мой. Але і цяпер ведаю, што чаго ты папросіш у Бога, дасць табе Бог.
— ...Я ёсць уваскрэсенне і жыццё; веруючы ў мяне, калі і памрэ, ажыве.
Адзін з нямногіх выпадкаў, калі Хрыстос кажа пра сябе "Я ёсць", што само па сабе паразумявае яго Боскую і Месіянскую вартасць. Жанчына чуе пропаведзь з вуснаў самога Бога пра ўваскрэсенне і ў адказ яна сцвярджае: "Так, Госпадзі! Я веру, што ты Хрыстос, Сын Божы, які ідзе ўсвет" (Ін.11, 5-26).
АХВЯРУЮЧАЯ МІРУ
Напярэдадні ўваходу Хрыста ў Іерусалім мы сустракаем яшчэ адну дзівосную жанчыну, якая зрабіла вялікае ўражанне на ўсіх, у тым ліку на апосталаў, сваёй шчырай любоўю да Настаўніка праўды і міласэрнасці. Адпаведна евангеліста Іаана, гэта была Марыя, сястра ўваскрэшанага Лазара. Адпаведна іншым евангелістам, гэта была некая невядомая жанчына, якая прыйшла ў дом, дзе Хрыстос вячэраў са сваімі вучнямі. Яна разбіла сасуд і пачала ліць на Ісуса міру — вельмі дарагое араматычнае масла. Навошта яна гэта зрабіла? А таму, што іншым чынам не магла ніяк выказаць сваіх глыбокіх пачуццяў да Сына Божага — павагі, удзячнасці, любові. А гэтае духмянае масла было самым дарагім, што ў яе мелася! Згодна іудзейскай традыцыі, сем'і, дзе нараджаліся дочкі, доўгія гады збіралі да вяселля тэтую каштоўную міру. Аддаць самае каштоўнае, што ёсць у цябе, таму, каго любіш больш за ўсё на свеце — гэта сведчанне сапраўднай любові і адданасці.
Не толькі ворагі Хрыста, але нават некаторыя вучні асудзілі жанчыну за такое, як ім здавалася, неверагоднае марнатраўства. Сасуд з мірай каштаваў велізарных грошай. Яны сталі наракаць і сваімі размовамі бянтэжылі жанчыну, але сам Выратавальнік заступіўся за яе, бо бачыў яе чысты і шчыры намер.
— Пакіньце яе, навошта бянтэжыце?.. Яна зрабіла, што магла: папярэдне памазала цела маё да пахавання. Сапраўды кажу вам: дзе ні будзе прапаведавацца Евангелле гэтае, у цэлым свеце, сказана будзе, як памяць пра яе і аб тым, што яна зрабіла (Мк.14, 6-9).
ЖАНЧЫНЫ ЛЯ КРЫЖА
Калі надышоў час цяжкага выпрабавання і для Настаўніка, і для ўсіх людзей, якія акружалі яго, толькі жанчыны не пакінулі Госпада, як іншыя вучні. Яны былі на Галгофе ў момант яго пакутаў і смерці, раздзяляючы з Багародзіцай яе найвялікшыя душэўныя пакуты. Ля крыжа Гасподня "стаялі Маці яго і сястра Маці яго, Марыя Клеапова, і Марыя Магдаліна": тры жанчыны і адзін мужчына — любімы вучань Хрыста апостал Іаан.
АПОСТАЛЫ АПОСТАЛАЎ
Жанчыны, яго тайныя вучні падрыхтавалі цела Хрыстова да пахавання і праводзілі Настаўніка да труны. Але не вучням і апосталам, абраным несці свету добрыя весткі, а менавіта жанчынам, якія аддана ішлі за Выратавальнікам, першым была адкрыта велікодная тайна. Жанчыны, якія прынеслі добрую вестку вучням, чые сэрцы былі ў скрусе, з'явіліся апосталамі апосталаў і дабравесніцамі дабравеснікаў.
Магчыма, даверыўшы жанчынам першым велікодную тайну, Хрыстос хацеў узнагародзіць іх за душэўную чуласць, водгук на яго дабравешчанне, за сілу духу...
Г. РОЙ, кандыдат багаслоўя, выкладчык Мінскай духоўнай акадэміі і семінарыі.
"Перамога", №19.
Комментарии
К сожалению
К сожалению статья окончена многоточием, так как в формат "Перамоги" полностью не влезла по какой-то причине :(