Каля Броннай гары



Светлай памяці партызана
Міколы Гойшыка прысвячаю

Восень стукала ў вокны
Праліўнымі дажджамі,
Над зямлёю прамоклай
Праплыла журавамі.

I вятрамі скідала
3 клёнаў жоўтае лісце,
Гэтак холадна стала —
Проста з хаты не выйсці.

Ох, як цяжка для маці
Разбудзіць свайго Колю,
Шкода, шкода дзіцяці —
Не паспіць яно ўволю.

Маці стане ля ложка,
Пройдзе зноў да парога:
— Адпачні яшчэ трошкі,
Паляжы, мой нябога...

Уставай, мой сыночак,
Уставай, мой Міколка.
...Хто з маленькіх ахвочы
Прачынацца на золку?

Спаць бы хлопчыку раннем
Сном дзіцячым, здаровым,
Ды Міколка устане
I пагоніць каровы.

За кулацкім ён статкам
Крочыць, скурчыўся, босы.
Ах, як колюць у пяткі
Вераснёўскія росы!

Пастушок разумее —
Працаваць яму трэба,
Да зімы ў багацея
Зарабіць крыху хлеба.

I дубее Мікола
Ад світання да ночы.
Больш не ходзіць у школу,
Хоць вучыцца так хоча!

* * *

Думкі роем кружацца ў хлапчыны,
Ну, чаму так робіцца, чаму?
Усю ночку мама пры лучыне
Шые зрэбну вопратку яму.

Тата прымасціўся на калодзе,
Лапцікі для хлопчыка пляце...
Сын суседа ж —
Толькі ў крамным ходзіць
Ды смяецца вось з такіх дзяцей.

I чаму старэнькая ў іх хата?
А ў суседа — веснічкі пад лак?
— А таму, сынок,— гаворыць тата,
Што сусед наш багацей, кулак.

Ды нічога, веру я, настане
Хутка, сынку, ўжо дзянёк такі:
Сонца ў хату нашую загляне,
Зажывуць шчасліва беднякі.

Бо не будзе тут паноў, падпанкаў,
Адным словам, лепей будзем жыць
...А на ўсходзе з зоркамі ўжо танкі
Раніцай гулі на рубяжы.

I прыйшлі сюды, у вёску Воля,
Родныя, савецкія браты.
3 хутарка да іх насустрач Коля
Бег сцяжынкай радасны тады,

Бег, і сэрца білася ад шчасця.
А ў сяле шумеў, шумеў народ.
Адчынялі людзі сэрцы насцеж
I віталі новых дзён прыход.

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/