Гурт "Тяни-Толкай" наведаў Дзятлава з канцэртам



27 лістапада ў прахалоднай зале раённага Дома культуры было сапраўды горача: свае палымяныя сэрцы і жывыя галасы гледачам дарылі сталічныя музыкі - агульнавядомы і, пэўна, любімы беларусамі гурт "Тяни-Толкай".

Увесь канцэрт праходзіў на неверагодна пазітыўнай хвалі, жыва, інтэнсіўна, цікава і часам нечакана. Музыканты Павел Клышэўскі, Павел Тараймовіч, Андрэй Заяц і Кірыл Клішэвіч выконвалі як добра вядомыя ўсім кампазіцыі мінулых гадоў ("Даль-чужбинушка", "Снег", "Наши звучат имена"), так і прэм'еры ("07.08.09", "Банька", "Полоса приграничная" — кампазіцыя стваралася як саўндтрэк да серыяла пра мяжу), пастаянна падтрымлівалі цесны эмацыянальны кантакт з аўдыторыяй. Добры гук забяспечваў на працягу ўсяго канцэрта самы сціплы і непрыкметны, а яшчэ самы юны ўдзельнік калектыву — гукарэжысёр Аляксандр Каляда.

За дзве гадзіны выступлення аўдыторыя паспела ўпэўніцца, што песні "Тяни-Толкай" не маюць узроставай ці полавай скіраванасці: лірычныя і патрыятычныя, сур'ёзныя і вясёлыя, пра каханне і пра сапраўднае сяброўства, — яны прыйшліся даспадобы, мабыць, кожнаму прысутнаму. Дарэчы, многія наведалі канцэрт сем'ямі, і малечы дадалі да цёплай атмасферы канцэрта нотку наіўнасці і дзіцячай непасрэднасці. Калі бацькі крыху саромеліся спяваць на публіку, удзельнічаць у конкурсе на сцэне, то дзеткі гэта рабілі выключна, радуючы ўсіх прысутных і сябе таксама.

Музыканты аддавалі ўсю сваю энергію гледачам, і яна вярталася з торыцай: гледачы з задавальненнем падпявалі выканаўцам вядомыя і любімыя песні, авацыямі сустракалі прэм'еры, ахвотна ўдзельнічалі ў дыялогу, наладжаным з дапамогай пытанняў, на якія музыкі адказвалі ў перапынках паміж песнямі.

Тое, што вы хацелі ведаць пра "Тяни-толкай":

— Адкуль з'явілася назва гурта — “Тяни-Толкай”?

— Мы ўдзельнічалі ў адным з фестываляў, і патрэбна было тэрмінова неяк назвацца, каб нас не выкінулі з праграмы. Думалі, перабіралі варыянты, і вырашылі назвацца па імені антылопы Цяні-Талкай (гэта з празаічнага варыянта "Доктара Айбаліта" К.Чукоўскага), у якой было дзве галавы, тулава і ніводнага хваста.

— Дзе здымалі кліп на песню “А впереди у нас ещё вся жизнь”? Дзяўчаты вас не разарвалі?

— Здымкі праходзілі ў вёсцы Станюшкі. Па сюжэце кліпа мы ўцякаем ад натоўпу дзяўчат, босыя, па брукаванцы. Рэжысёр, каб усё было пасапраўднаму, псіхалагічна настроіў дзяўчат, раззадорыў... I сапраўды, пад час аднаго з дубляў адвярнуліся назад і ўбачылі дзявочыя вочы з шалёным бляскам — стала па-сапраўднаму страшна за сябе. Шчыра шкада было актрыс, бо мы літаральна з першых спробаў адзняліся і сядзелі сабе ў цянёчку, елі халаднік. А дзяўчат рэжысёр здымаў з розных ракурсаў, і яны, бедныя, усё бегалі і бегалі пад сонцам туды-сюды.

— Ці ёсць у вас прадзюсар і хто вам піша песні?

— Прадзюсара ў нас няма, мы самі спраўляемся. А вось аўтарам усіх кампазіцый гурта "Тяни-Толкай" з'яўляецца Павел Клышэўскі, адзін з салістаў.

— Як вы лічыце, вы ўжо дасягнулі піка сваёй папулярнасці ці чакаеце чагосьці большага?

— Дзесяць гадоў — гэта даволі малы тэрмін, і для нашага гурта, спадзяемся, усё толькі пачынаецца. Будзем працаваць, старацца радаваць вас новымі праектамі.

— У вас ёсць песні, у аснове якіх рэальныя падзеі?

— Усе нашыя кампазіцыі, асабліва пра каханне, маюць пад сабой нешта рэальнае, часцей нават сапраўдныя пачуцці, якія мы перажылі, але і факты таксама.
Выступленне гурта, як і ўсё добрае, скончылася, але станоўча зараджаныя гледачы атрымалі магчымасць пагутарыць у фае Дома культуры з музыкамі, узяць аўтографы і зрабіць фотаздымкі — увагі ад спевакоў хапіла ўсім.

Н. АВЯРЧУК, “Перамога”, №96.

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/