

Дзятлаўскае благачынне прадстаўлялі восем хораў — з Дзятлава, Наваельні, Казлоўшчыны, Нагародавічаў (дзіцячы і дарослы хоры), Вензаўца, Горкі, Дварца. Варта адразу зазначыць, што ўсе дзятлаўскія калектывы выступалі хораша — і калі спявалі дзеці, і калі на сцэну выходзілі пажылыя вясковыя жанчыны.
Паколькі ў зале сярод гледачоў была пераважная большасць прыхаджан храма Прэабражэння Гасподня, то прысутныя асабліва чакалі і хваляваліся за выступленне дзятлаўчан. Хор мясцовага храма выйшаў на сцэну восьмым. I, забягаючы наперад, зазначу, што нумар аказаўся шчаслівым: калектыў быў выбраны журы да ўдзелу ў фінальным туры.
Пад кіраўніцтвам рэгента — матушкі Святланы хор выканаў чатыры конкурсныя песнапенні, якія атрымалі добрую адзнаку журы і цёплыя апладысменты гледачоў.
Поспех спадарожнічаў і яшчэ аднаму калектыву Дзятлаўскага благачыння — дзіцячаму хору храма свяціцеля Мікалая Цудатворцы вёскі Нагародавічы. Ён таксама стаў фіналістам першага туру. Мяркую, што не толькі на мяне, а і на ўсіх прысутных зрабіла вялікае ўражанне каляднае народнае песнапенне "Неба і зямля", якое спявалі на беларускай мове. Як цудоўна гучыць песнапенне на роднай мове! А славілі Нараджэнне Хрыста хлопчыкі і дзяўчынкі, якія наведваюць нядзельную школу пры Нагародавіцкім храме і спяваюць у хоры. Варта кожнага з іх назваць: гэта — Кірыл Ботрык, Іра Дракель, Руслан Крэйдзіч, Насця Савончык, Насця Машкіна, Насця Аніскевіч, Дзіана Волкава, Алеся Кастусік, Лера Міхалойць, Ілона Сурма. Займаюцца дзеці пад кіраўніцтвам матушкі Наталлі (Наталлі Васільеўны Яровіч) і Наталлі Іванаўны Жданук.
Гэтыя два калектывы — дзятлаўскі і нагародавіцкі хоры 15 студзеня ездзілі ў Ліду на заключны тур фестывалю калядных песнапенняў. Абодва занялі другія месцы: дзятлаўскі хор — у катэгорыі хораў гарадскіх храмаў, нагародавіцкі (дзіцячы!) — сярод хораў храмаў пасёлкаў і вёсак.
Як расказала матушка Наталля, дзеці былі вельмі рады такому поспеху. Калектыў адзначаны дыпломам другой ступені, каштоўнымі падарункамі — кіраўнікі, і вялікім тортам — дзеці. Спевакі атрымалі падзяку і ад архіепіскапа Навагрудскага і Лідскага Гурыя. Гэта натхніла іх на далейшую творчую працу і заняткі спевамі.
— Паколькі фестываль калядных песнапенняў традыцыйны, то маем намер удзельнічаць у ім і надалей, — падзялілася планамі матушка Наталля. — У Дзятлаве на адборачным туры мы саступілі жыровіцкім юным спевакам не нашмат. У іх была прыгожая канцэртная форма, што таксама ўлічыла журы. Пастараемся і мы падрыхтаваць адметнае канцэртнае адзенне. Падбяром і адпаведны харавы рэпертуар, будзем больш спяваць на роднай мове.
Справядліва будзе зазначыць, што і нагародавіцкі хор дарослых глядзеўся на раённай сцэне добра. Яшчэ крышку намаганняў — і быць хору таксама сярод пераможцаў. Спяваюць у хоры жанчыны з цудоўнымі галасамі і слухаць іх — вялікае задавальненне.
I. Міхайлоўская. "Перамога", №6.