Экстрэмальны спорт



Старэйшае пакаленне, мабыць, памятае французскую стужку "В мире безмолвия" і кнігі піянера падводнага палявання Жака. Кусто. Дзякуючы ім ужо ў 50-я гады мінулага стагоддзя адбылося першае знаёмства нашых суайчыннікаў з падводным светам, падводным паляваннем.

Многія супастаўляюць яго з дайвінгам, але гэта не так. Калі першае — гэта ныранне з падводным ружжом на затрымку дыхання, то дайвінг—пагружэнне пад ваду з аквалангам.

Даводзіцца сустракацца і з такім меркаваннем: падводнае паляванне — даволі лёгкая справа. Аргументы наступныя: на поспех рыбалова ўплывае то надвор'е, то ціск, а то і зусім рыба не клюе. А той, хто займаецца падводным паляваннем, зусім без праблемаў заходзіць у царства Няптуна, адкуль бярэ рыбы, колькі захоча.

Але такое меркаванне памылковае. Для падводнага палявання абавязковыя празрыстасць вады і адсутнасць лёду. Трэба ўлічваць і тое, што пад вадой чалавек знаходзіцца ў чужым асяроддзі, адчувае вялікія фізічныя нагрузкі, кіслародную недастатковасць, узмоцненую цеплааддачу арганізма.

Пры пагружэнні ў ваду толькі на 2-3 метры, паляўнічы пачынае адчуваць боль ад расцяжэння барабанных перапонак. А часам здараецца ныраць і на глыбіню 5-7 метраў, прабірацца скрозь завалы дрэваў.

Пад вадой тоіцца і небяспека. Можна натыкнуцца на браканьерскія сеткі, густыя зараслі водарасцяў, розныя карчы і старыя металаканструкцыі. Тым не менш усё гэта робіць падводнае паляванне сапраўды экстрэмальным відам спорту, які не церпіць слабых людзей, тых, хто пераацэньвае свае магчымасці.


П. ВАСЬКО, жыхар г. Дзятлава. “Перамога”, №1.