
Як ні стараліся гітлераўскія разбойнікі не пакінуць у жывых ніводнай душы, яны ўсё ж пралічыліся. Жыццё нельга знішчыць, яго не закапаеш у зямлю, не заб'еш кулямі, не спаліш у агні, яно неўміручае. Трынаццаць велікавольцаў засталіся ў жывых.
Параненых, скалечаных, але жывых. Праўда, большасць з іх пасля перанесеных пакут доўга не жылі, некаторыя загінулі ў другі раз.
Пасля цяжкіх баёў акупанты вымушаны былі зняць блакаду Ліпічанскай пушчы. Войскам трэба было адпраўляцца на фронт, а яны ваявалі з партызанамі. У адзін дзень гітлераўцы спешна пакінулі партызанскі раён і хуткім маршам рушылі на фронт. Партызаны Булака вярнуліся ў Вялікую Волю.
Ніхто з велікавольцаў не выйшаў насустрач народным мсціўцам, як гэта было раней. Мёртвая цішыня вісела над апусцелай вёскай. Убачыўшы чалавека, шарахаліся ўбок адзічэлыя кошкі. Акупанты нібы знарок не кранулі будынкі ў Вялікай Волі. Здавалася, што вось-вось адчыняцца дзверы і ўзрадаваныя людзі выйдуць насустрач партызанам, запросяць іх у дамы... Але людзей не было. Сумны выгляд асірацелых дамоў горкім дакорам паліў сэрцы народных мсціўцаў. На месцы забойства веліка-вольцаў яны пакляліся адпомсціць ворагу за іх кроў.
Удары па ворагу ўзмацніліся. Рэдка праходзіў такі дзень, калі б на дарогах Слонім — Дзятлава, Казлоўшчына — Дзятлава, Слонім—Зельва і другіх не ўзляталі ў паветра нямецкія машыны з боепрыпасамі і жывой сілай, масты. Народныя мсціўцы псавалі сувязь, знішчалі ваенныя склады. 3 надыходам вясны 1943 года партызанская вайна дасягнула нябачных дасюль памераў. У змаганні з ворагам раслі і мужнелі рады народных мсціўцаў, Імя Булака па-ранейшаму наводзіла жах на акупантаў і іх наймітаў.
Летам 1943 года акупанты ў другі раз павялі наступленне на партызан. Яны зноў уварваліся ў Вялікую Волю, але больш не знайшлі тут сабе ахвяр. Забіваць не было каго, і вылюдкі, каб неяк дасаліць людзям, падпалілі вёску. Раз'юшанае полымя знішчала драўляныя пабудовы, здавалася, што ад вёскі нічога не застанецца. На шчасце, моцны дождж перашкодзіў задуме гітлераўцаў. Палавіна вёскі ўцалела ад агню. Вялікая Воля зноў засталася жыць. Вярнуліся з лесу нямногія яе жыхары, і сівыя дымкі — прыкметы жыцця — пацягнуліся з комінаў. Схлынулі смяротныя хвалі фашысцкай нечысці, і зноў гаспадарамі захопленай, але нескаронай зямлі сталі народныя мсціўцы.
Іван Павачка жыў цяпер адзін. Амаль кожны дзень наведваўся ён на магілу дзяцей і жонкі. Горкія слёзы ліліся з памутнелых вачэй адзінокага чалавека. Ворагі адабралі ў яго ўсё: дзяцей, жонку, радасць.
Трэці год зямля сатрасалася ад цяжкіх выбухаў вайны, трэці год яе пераворвалі, абпальваючы агнём, міны і снарады, трэці год савецкія людзі ў жорсткай барацьбе адстойвалі гонар, свабоду і незалежнаць сваёй сацыялістычнай Айчыны. У бітве на Волзе фашысцкаму зверу быў надломлен хрыбет, але ён працягваў агрызацца. Яго трэба было загнаць у логава і там прыкончыць. Фронт набліжаўся да Шчары. Усё часцей і часцей да Вялікай Волі дакатваўся цяжкі грукат артылерыйскай кананады. Нашы наступалі.
Партызаны прадаўжалі граміць акупантаў. Пры набліжэнні фронту іх удары ўзраслі. Гітлераўцы не на жарт былі ўстрывожаны актыўнасцю народных мсціўцаў. Ім цяжка ўтрымліваць фронт, а тут яшчэ партызаны не даюць спакою ні днём ні ноччу. Ім трэба размяшчаць франтавыя тылы, склады боепрыпасаў, рыць новыя ўмацаванні, адводзіць часці на адпачынак. Сваёй баявой актыўнасцю народныя мсціўцы зрывалі ўсе іх планы і задумы, трымалі акупантаў у пастаяннай трывозе. Тыл для іх быў таксама фронтам.
Усе гэтыя абставіны прымусілі немцаў павесці трэцяе па ліку наступленне на партызанскі раён. Вясной 1944 года фашысцкія часці з танкамі і артылерыяй блакіравалі Ліпічанскую пушчу. Яны вырашылі пакончыць з партызанамі. Толькі лясныя салдаты былі няўлоўнымі. Яны вялі няроўныя баі, гінулі, але барацьбы не спынялі. Рэгулярныя часці ворага сустрэліся ў сваім тыле з моцным і бясстрашным праціўнікам. Дзень і ноч грукацела Ліпічанская пушча. Немцы абстрэльвалі яе з артылерыі. У бяссільнай злосці яны не шкадавалі ні мін, ні снарадаў, білі наўгад, толькі б біць.
Светлым красавіцкім ранкам, калі шчодрыя праменні сонца падсушвалі яшчэ мокрую зямлю, на Вялікую Волю наляцелі фашысты. Яны ўварваліся ў вёску нечакана.
Іван Осіпавіч быў з рыдлёўкай у руках на гародзе. Вясна! Хіба можа стрымацца чалавек, каб не ўзрыць сотку зямлі, не ўкінуць туды жменьку зярнят. Ён так заняўся прывычнай справай, што не пачуў гулу машын, а калі схамянуўся — было позна. Стары памкнуўся да лесу, але яго схапілі.
— Партызанен!—дапытваліся ворагі, наносячы ўдары прыкладам па худой спіне Павачкі.
Іван Осіпавіч нават не апраўдваўся. Навошта? Усё роўна фашысты не павераць. Перад вачыма старога раптам усплылі малюнкі смерці дзяцей, жонкі, аднавяскоўцаў... Яму хацелася плюнуць ворагу ў твар, накінуцца хоць на аднаго фашысцкага салдата і зубамі рваць яго на кавалкі. Але кожны з іх адным ударам мог зваліць яго з ног. Павачка стаяў, схіліўшы сівую галаву, і маўчаў. Старому скруцілі рукі і павялі да машын.
Вёска займалася полымем. Чорныя клубы дыму, засланяючы сонца, узнімаліся ўгору. Урэшце вылюдкі рашылі даканаць Вялікую Волю, не пакінуць ад яе і следу.
Праходзячы каля хаты Міхаіла Альховіка, якая палала, нібы свечка, Іван Осіпавіч убачыў, як салдаты, падобна звярам, кінуліся за чалавекам. Яны нагналі яго за грушай і, збіваючы, валаклі да хаты. Аднекуль чуўся перапалоханы дзіцячы плач. Угледзеўшыся, Павачка пазнаў у чалавеку Альховіка.
Міхаіл Альховік, як і Павачка, не паспеў схавацца. Убачыўшы праз акно фашыстаў, ён залез са сваім пяцігадовым сынам у склеп, які быў пад падлогай. Салдаты ўвайшлі ў хату, зірнулі туды-сюды, затым кінулі пад стол куль саломы і запалілі. Горкі дым пацягнуўся ў склеп. Хлопчык стаў задыхацца. Міхаіл зразумеў, што далей заставацца ў склепе нельга. У хаце бушаваў агонь. Падхапіўшы на рукі знясіленага хлопчыка, Альховік праз акно выскачыў на двор і гародамі хацеў падацца ў лес. Але вылюдкі прыкмецілі чалавека. Збітых, акрываўленых бацьку і малога сына прывалаклі да палаючай хаты.
Шчыльнай сцяной іх акружылі гітлераўцы. Не паспеў Павачка ўцяміць, што адбываецца, як бахнулі два стрэлы. Міхаіл памёр адразу, а хлопчыку куля трапіла ў жывоцік. Ён яшчэ знайшоў у сабе сілы падпаўзці да бацькі і ўчапіцца за шыю... Так, не адрываючы адзін ад аднаго, іх і кінулі ў полымя роднай хаты.