
Словамі павагі распачаў традыцыйны мітынг памяці ў Дзятлаве старшыня раённага Савета дэпутатаў А. С. Бараноўскі. Ён падкрэсліў, што гэтае мерапрыемства прысвечана ўшанаванню тых, хто годна выканаў свой воінскі абавязак на паўднёвых межах Савецкага Саюза. Іх ратны гераізм заўжды будзе дастойным прыкладам патрыятызму для беларусаў-сучаснікаў.
Да яго словаў далучыўся старшыня Дзятлаўскага райвыканкама I. I. Крахмальчык:
— Менавіта ў гэты дзень 23 гады таму савецкія салдаты і афіцэры пакінулі Афганістан. Памяць аб гэтай вайне застанецца назаўжды ў сэрцах усіх, хто з баямі прайшоў па горных афганскіх дарогах, хто выконваў свой воінскі абавязак на тэрыторыі іншай дзяржавы, каго не пашкадавала вайна, адняўшы жыцці родных і блізкіх. У чужой краіне ваявалі 130 ураджэнцаў Дзятлаўшчыны. Не усе нашы землякі вярнуліся дамоў жывымі.
Сёння мы ўшаноўваем памяць загінуўшых Аляксандра Шылава з Наваельні і Дзмітрыя Лазовіка з вёскі Малая Палонка Дварэцкага сельсавета. За гераізм і мужнасць яны пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. У памяць аб загінуўшых і памерлых пасля вайны воінах-афганцах, нашых земляках, у Дзятлаве, каля помніка воінам-інтэрнацыяналістам, у 2011 годзе закладзена алея памяці і пасаджаны 15 дрэўцаў. Я ўпэўнены: усе, хто прайшоў афганскую вайну, будуць дастойным прыкладам для моладзі і апорай нашай дзяржавы.
Ваенкам Дзятлаўскага раённага ваеннага камісарыята Г. Т. Суравец заклікаў воінаў-афганцаў не забывацца пра родных загінуўшых баявых сяброў, падтрымліваць іх у цяжкую хвіліну, а таксама быць прыкладам для падрастаючага пакалення. Пажадаў, каб і надалей множыліся іх добрыя справы на карысць Радзімы.
Песні і вершы для былых салдат падрыхтавалі вучні Дзятлаўскай гімназіі №1 і дзіцячай школы мастацтваў .
Напрыканцы ўрачыстасці А. А. Слабко, старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане, уручыў I. I. Крахмальчыку, старшыні Дзятлаўскага райвыканкама, і С. П. Касцюк, дырэктару Дзятлаўскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы, новую кнігу "Вдали за рекой...". Яна напісана па ініцыятыве Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане і надрукавана пры падтрымцы Гродзенскага аблвыканкама. Разам з кнігай выпушчаны дыск з дакументальнай стужкай "Афганское братство", знятай тэлерадыёкампаніяй "Гродна".
Напрыканцы мерапрыемства да помніка воінам-інтэрнацыяналістам былі ўскладзены вянкі.
І. КАЎКЕЛЬ