Дамейка Ігнат



Ігнат Дамейка (1802 - 1889)

Яго імем названы гарады і горы...

25 студзеня 1889 года ў сталіцы далёкай паўднёваамерыканскай краіны Чылі Сант'яга амаль адначасова зазванілі званы ўсіх касцёлаў. Трывожныя, пералівістыя гукі запоўнілі ўсе вуліцы і завулкі горада. Людзі кідалі свае заняткі і спяшаліся да цэнтральнага пляца сталіцы. Яны ўжо ведалі: там пачыналася цырымонія пахавання вялікага грамадзяніна Чылі Ігната Дамейкі, вестка пра смерць якога хутка разляцелася ва ўсе канцы краіны.

Калі на шырокім пляцы перад урадавым палацам сабраўся агромністы людскі натоўп, каля ўстаноўленай там труны з целам славутага вучонага выступіў сам прэзідэнт рэспублікі Бальмакеда, які нагадаў пра вялікія заслугі памерлага перад краінай і аб'явіў аб наданні Ігнату Дамейку звання нацыянальнага героя Чылі.

Але не толькі перад чылійцамі заслужыў высокую пашану Ігнат Дамейка. Сваё імя праславіў ён яшчэ задоўга да прыезду ў Чылі. Праславіў як адзін з актывістаў вядомага віленскага згуртавання моладзі - Таварыства філаматаў. I як удзельнік Лістападаўскага паўстання 1830 - 1831 гадоў на Беларусі і ў Польшчы.

Нездарма геній сусветнай літаратуры Адам Міцкевіч зрабіў Ігната Дамейку адным з персанажаў сваёй славутай паэмы «Дзяды». Яго ж вобраз вывеў паэт і ў другім сваім шэдэўры — паэме «Пан Тадэвуш».

Калі б падрабязна расказаць пра пакручастую долю Ігната Дамвйкі, пра ўсе яго шляхі-дарогі, пра неверагодныя падзеі жыцця славутага вучонага, атрымаўся б сапраўдны прыгодніцкі раман.

У гэтым жа артыкуле мы паспрабуем паказаць хаця б галоўныя вехі на яго жыццёвым шляху, паглядзім, як узышоў ён на вяршыню славы.

Нарадзіўся Ігнат Дамейка 31 ліпеня 1802 года ў родавай сядзібе Медзвядка паблізу Міра Наваградскага павета (цяпер — Карэліцкі раён Гродзенскай вобласці). У сем гадоў малы Ігнась страціў бацьку, Іпаліта Дамейку, старшыню Наваградскага земскага суда. Маці — Караліна з дому Анцутаў — засталася пасля яго смерці з трыма сынамі і дзвюма дочкамі. На дапамогу ёй прыйшлі Іпалітавы браты.

Адзін з іх, гаспадарлівы Ігнат Дамейка, які меў агранамічную адукацыю, узяў на выхаванне свайго малога цёзку да сябе ў маёнтак Жыбуртоўшчына ў Лідскім павеце, за 12 вёрст ад паштовай станцыі Наваельня.

Дзядзька прывучаў малога Ігнася гаспадарыць на зямлі. А другі дзядзька — Юзаф, які атрымаў асвету ў Германіі, у славутай фрайбургскай Горнай акадэміі і меў у сваім доме немалую калекцыю мінералаў і прыродазнаўчых кніг, хацеў зацікавіць пляменніка канкрэтнымі навукамі і ў першую чаргу сваёй любімай мінералогіяй, рамантычнай прафесіяй геолага. Дзеля гэтага ён адвёз Ігнася ў Шчучын, у піярскую школу, дзе шмат увагі надавалася прыродазнаўчым навукам, бо школьную праграму склаў тут былы яе выкладчык — вядомы мінералог і батанік Станіслаў Баніфацый Юндзіл. У школе меўся неблагі мінералагічны музей, багатая бібліятэка. Вучні былі пад апекай гувернёраў, ці «дырэктараў». Такім «дырэктарам» для Ігнася стаўся будучы паэт-філамат Ануфрый Петрашкевіч, дарэчы, таксама схільны да прыродазнаўства.

Добры ўплыў меў на Ігната Дамейку і адзін з выкладчыкаў школы ксёндз-піяр Калясанты Львовіч, які таксама трапіў у героі Міцкевічавых «Дзядоў».

Чатырнаццаць гадоў было Ігнату Дамейку, калі ён скончыў Шчучынскую піярскую школу і запісаўся ў студэнты Віленскага універсітэта, на фізіка-матэматычны факультэт, дзе ўзяўся шчыра вывучаць выбраныя ім навукі: біялогію, хімію, матэматыку. Адначасова наведваў лекцыі прафесараў літаратуры і гісторыі.

У 1821 годзе маці Ігната Дамейкі атрымлівае ў спадчыну маёнтак свайго брата Станіслава Анцуты Сачыўкі каля Крашына (радзімы Паўлюка Багрыма) з усёй рухомасцю. Гаспадаром маёнтка яна хацела бачыць свайго сына Ігнася. Хлопец, вядома ж, не раз прыязджаў з Вільні ў Сачыўкі, памагаў мацеры гаспадарыць, але назаўсёды пакінуць вучобу не змог.

Праз які год універсітэт быў скончаны. Ігнат Дамейка атрымаў ступень магістра філасофіі. Але прагны да ведаў юнак не спяшаўся развітвацца з універсітэтам. Яму хацелася глыбей вывучыць гісторыю, літаратуру, мовы. Ён ужо добра ведаў французскую і англійскую мовы, вывучаў яшчэ нямецкую і латынь. Хацелася таксама пазнаёміцца з гісторыяй архітэктуры, з геадэзіяй. Акрамя таго затрымлівалі хлопца ва універсітэце ў Вільні і абавязкі ў Таварыстве філаматаў, куды яго ахвотна прынялі трошкі старэйшыя сябры, відадь, не без падтрымкі былога «дырэктара» Ануфрыя Петрашкевіча.

Прыходзіла пара ўладкоўвацца Ігнату Дамейку на работу. Вядома, маладога хлопца вабіў да сябе горад, дзе ён мог знайсці як спецыяліст някепскую пасаду. Але перамагла «агітацыя» дзядзькі Ігната заняцца гаспадаркай на вёсцы. Паколькі ў Сачыўках, дзе жыла маці, гаспадарыў цяпер сястрын муж, Ігнату Дамейку аддавалі ў валоданне маёнтак Заполле ў Лідскім павеце.

Дваццацігадовы Жэгота, як называлі сябры Ігната Дамейку, з цікавасцю і маладым запалам узяўся за гаспадаранне, зрабіўся нават вядомым «ва ўсёй Літве аканомам», як адзначана ў III частцы «Дзядоў» Адама Міцкевіча.

Калі пачалося следства па справе філарэтаў і філаматаў, следчая камісія даведалася і пра ўдзел Ігната Дамейкі ў тайным згуртаванні моладзі. У лістападзе 1823 года маладога гаспадара Заполля арыштоўваюць, дастаўляюць у Вільню і кідаюць у сцены базыльянскага кляштара, дзе яго з вялікай прыхільнасцю і спагадай сустрэлі, як расказваецца ў «Дзядах», сябры па нядолі (праўда, з мастацкіх меркаванняў Міцкевіч перанёс гэтую сустрэчу пад Каляды).

Каля паўгода давялося марнавацца маладому земляробу ў непрытульных, халодных кляштарных сценах, задавальняцца далека не раскошным турэмным пайком. Толькі вясной наступнага года яго разам з бальшынёй сяброў выпусцілі на сонечнае святло. Пазбегнуць высылкі ў «аддаленыя губерні Расіі» дапамаглі Жэготу ўплывовыя дзядзькі.

Улады пакуль што задаволіліся толькі высылкай «змоўшчыка» на вёску, у яго ж Заполле, — пад нагляд паліцыі і без права ўладкавання на дзяржаўную службу, пакуль не будзе дадзены на гэта «дазвол яго цэсарэвічаўскай вялікасці вялікага князя Канстанціна», як адзначалася ў прыгаворы.

У сваім Заполлі пад неаслабным паліцэйскім вокам прагаспадарыў Ігнат Дамейка цэлых шэсць гадоў. Невядома, колькі б яшчэ доўжылася гэтая, хай і не пакутлівая, ссылка, калі б не паўстанне 1830 - 1831 гадоў. Пачуўшы пра яго, Дамейка пры першай жа магчымасці ўцякае з дому і становіцца ў шэрагі змагароў за вызваленне Айчыны ад маскоўскага «прылучэння». Змагаўся ён у войску генерала Хлапоўскага.

Комментарии

На Лукашенко слегка

На Лукашенко слегка смахивает))

Это

Это единственное, что пришло в голову, увидев картинку?
А текст прочитать не получилось?

удалось, но

удалось, но текст на Лукашенко не похож, а вот картинка... ДА )

В любой

В любой информации вызывает интерес и запоминается то, к чему готов твой уровень познания...

не надо ко

не надо ко всему так серьезно относится

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/