Чалавек не здаецца



Сям'я Івана Павачкі крочыла ў хвасце гэтай незвычайнай працэсіі. Вецер узмацніўся. Гнеўна шумелі кашлатыя сосны, размахваючы калючымі галінкамі. Здавалася, што дрэвы і тыя пратэстуюць супраць задуманага ворагам злачынства, калі б маглі — абаранілі б людзей ад смерці. У паветры насіліся першыя ледзь бачныя сняжынкі.

Карнікі дзейнічалі моўчкі. Яны разумелі адзін другога па інстынкту, як звяры. Нават каманда ім падавалася не словамі, а ўзмахамі рук. Грузавікі, завываючы маторамі, ехалі наперадзе калоны, за машынамі пад моцнай аховай ішлі велікавольцы.

Наблізіўшыся да шашы, калоне загадалі спыніцца. Карнікі замітусіліся. Так непакояцца драпежнікі, адчуўшы пах крыві. Некалькі карнікаў, ускінуўшы на плечы ручныя кулямёты, цераз шашу накіраваліся да Шчары. Неўзабаве адзін з іх вярнуўся на шашу і падаў рукой знак.

Велікавольцаў сталі падзяляць на дзве групы.

Адлічыўшы чалавек сто пяцьдзесят ад калоны, карнікі загадалі ім стаяць на месцы, а астатніх павялі далей. Як толькі калона схавалася за паваротам, групу велікавольцаў, у якой аказаўся і Павачка ў акружэнні карнікаў, павялі праз шашу ў густы хмызняк. Тут людзям зноў здалося, што сярод салдат мільганула нязграбная постаць Жылінскага. Але ім было ўжо не да яго.

Велікавольцаў падвялі да гары, якую яны называлі Высокія Могліцы. Людзей агарнуў жах. Каля гары былі ўстаноўлены фашысцкія кулямёты.

Маці са слязамі пачалі развітвацца назаўсёды са сваімі дзецьмі. Яны прыціскалі маленькія жывыя камячкі да грудзей, цалавалі пахаладзелыя тварыкі... Лямант жанчын разносіўся па Шчары.

3 даўніх часоў ля Высокіх Могліц бралі пясок на будаўніцтва дарог. Тут утварылася вялікая ўпадзіна, на якой параслі маладыя бярозкі і сосны. Людзей пачалі зганяць у гэтую ўпадзіну і класці ніц адзін да аднаго...

У той час, калі карнікі ўкладвалі людзей на халодны пясок Могліц, ад бацькоў адлучыліся многія дзеці. Спахваціўшыся, маці сталі клікаць іх, паўставалі з зямлі і, не звяртаючы ўвагі на ўдары, якія сыпаліся з усіх бакоў, кідаліся шукаць дзяцей. Як жа паміраць, не зірнуўшы ў апошні раз на родны тварык, не пацалаваць пасінелыя вусны... Перадсмяротны жах апанаваў людзей. Яны паднімаліся з зямлі і шукалі свае сем'і, сыходзіліся бліжэй сусед да суседа. I мёртвымі велікавольцы не жадалі разлучацца адзін з другім.

Іван Павачка са сваёй сям'ёй ляжаў на краі ўпадзіны. Пад левай рукой, бліжэй да сэрца, трымаў сямігадовага сына Міхаську. Справа тварам да зямлі ляжала яго жонка Сцепаніда. Да маці прытулілася дзяўчынка Ніна. Два дні назад ёй споўнілася тры годзікі. Велікавольцы чакалі стрэлаў, жадалі, каб хутчэй скончыліся іх пакуты, а каты наўмысна не спяшаліся.

Урэшце свінцовы град секануў па людзях.

Што адбылося каля Могліц, падрабязна расказвае Іван Осіпавіч Павачка — ахвяра гітлераўскіх катаў, які цудам застаўся жывым.

— Перш чым пачуць стрэлы,— успамінае Іван Осіпавіч,— я адчуў, што мне апякло пальцы на левай руцэ. Спачатку не зразумеў, што такое. Затым чакаю новых стрэлаў, а іх няма і няма... Кругом цяжка стогнуць людзі. Раптам чую: «Ой, татка, мне ў галоўцы баліць...» Гэта ледзь чутна прамовіў мой паранены сынок. Толькі я паспеў сказаць: «Цярпі, Міхаська, зараз перастане балець», як ударыла новая чарга. I зноў кулі мінулі мяне. Зноў перадсмяротныя крыкі людзей пранесліся над Шчарай. Тут я хацеў паварушыцца, каб глянуць на сыночка, але здранцвелае цела не слухалася. Тады я паклікаў: «Міхаська, ты жывы?» Хлопчык маўчаў. Левы бок пачало заліваць ліпкае цяпло. Гэта была кроў Міхаські...

Прагучала трэцяя чарга. Куля рванула паясніцу. У гарачцы я павярнуўся на бок. Павярнуўся і цяпер шкадую аб гэтым. Лепш бы мне ляжаць нерухома, тады б я не бачыў пакут сваіх блізкіх. Павярнуўшыся, я ўбачыў, як б'ецца аб зямлю жонка. Побач з ёю, закінуўшы ўгору акрываўлены тварык, ляжыць дзяўчынка. Я памкнуўся да іх, але новы страшэнны боль у правай назе стрымаў на месцы. Нейкі час я яшчэ чуў стогны людзей, чуў асобныя стрэлы, якімі карнікі дабівалі тых, хто ў смяротнай агоніі ўзнімаўся на ногі. Затым для мяне наступіла ноч, я нібыта праваліўся ў цёмную бездань. Больш я нічога не чуў. Не чуў, як крамсала чалавечыя целы апошняя чарга, як вылюдкі прыстрэльвалі дзяцей, якіх маці захавалі ад першых куль пад сваімі сэрцамі. Цяпер я ўспамінаю, што першай чаргой з кулямёта фашысты білі па галовах людзей, другой па грудзях, трэцяй — па спінах. I тут у іх была свая сістэма.

Ачнуўся я ад таго, што стала дужа горача,— выцершы рукавом няпрошаную слязу, працягвае свой невясёлы расказ Іван Осіпавіч,— не хапала паветра, задыхаўся. Адразу ніяк не магу зразумець, дзе знаходжуся, што са мной сталася. Затым у галаве пачалі ўсплываць жудасныя малюнкі расправы. Няўжо жывы? — не веру сабе. Але што давіць на мяне зверху? Паварушыўся, паспрабаваў прыўзняцца. За каўнер пасыпалася зямля, у галаву шыбануў свежы струмень паветра. Дыхаць стала лягчэй. Яшчэ раз сабраў сілы, прыўзняўся мацней і расхінуў над сабой зямлю... Перадыхнуўшы, стаў выбірацца з магілы. Была ноч. Прыслухаўся — нідзе нікога. Начное паветра асвяжыла памяць. Тут я да канца зразумеў, што адбылося са мной і маімі вяскоўцамі.

Колькі часу мне давялося прабыць пад зямлёй — не памятаю. Калі выбіраўся з ямы, то здзівіўся. Ноч, а зямля белая. Спачатку падумаў, што гэта мне здаецца. Не, зямля сапраўды была белай. Памацаў рукамі — снег! Нясцерпна пякло ў грудзях. Тварам я ўткнуўся ў снег і з прагнасцю пачаў есці. Снегам сцёр з вачэй і твару кроў, яшчэ раз прыслухаўся, навокал — цішыня. Паспрабаваў ісці. Ступіў некалькі крокаў і зваліўся. Нешта замітусілася ў галаве, і я страціў прытомнасць. Праз некаторы час зноў прыйшоў да памяці. Гэтаму дапамог холад. Акрываўленае адзенне змерзлася, нельга было паварушыцца. Пачынала світаць. Трэба было хутчэй уцякаць ад месца забойства. Мне здавалася, што карнікі абавязкова дагоняць і даб'юць. Намагаючы апошнія сілы, я поўз па пульхным снезе наперад у Казённы лес. Паўзу, а перад вачыма — акрываўлены тварык Ніны і слабенькі голас Міхаські: «Татка, балюча...» Думкі аб дзецях, якіх ужо няма ў жывых, надавалі мне сілы. На злосць ворагам я рашыў у чым бы то ні стала абавязкова выратавацца, выжыць, не здавацца смерці.

Ранак застаў мяне далёка ў лесе. Рухацца далей не было ўжо сіл. Я зарыўся ў снег і лёг...

I чалавек не здаўся. Трое сутак прабыў Іван Осіпавіч у лесе — паранены, знясілены холадам і голадам. Толькі на чацвёртыя суткі дабраўся ён да вёскі Капці. Дачакаўшыся прыцемку, ён ледзь жывы ўвалокся ў хату Адама Куршука. Гаспадар не адразу прызнаў у акрываўленым, змардаваным чалавеку Івана. У доме Куршукоў яго абагрэлі, перавязалі раны, накармілі, уклалі ў пасцель. На другі дзень Адам па просьбе Павачкі пераправіў яго да Віктара Касача, які даводзіўся Івану Осіпавічу сваяком. Там ён прабыў шэсць дзён. Крыху ачуняўшы, падаўся ў вёску Заяварка да Фамы Халопіка. Па суседству з Фамой жыў Аляксей Копаць, які некалі служыў у польскай арміі санітарам. Ён і лячыў Івана Осіпавіча аж да вяртання партызан.
На гэтым пакуты Івана Павачкі не скончыліся. Яму давялося вынесці яшчэ нямала цяжкіх выпрабаванняў.