
Полчышчы гітлераўцаў, страціўшы надзею з ходу захапіць Маскву і Ленінград, улетку 1942 года рынуліся на поўдзень, да Волгі. Раз'юшаныя няўдачай гітлераўцы эшалон за эшалонам гналі з жывой сілай да месца баёў. Але не многія з іх даходзілі да фронту. Іх пускалі пад адхон партызаны.
Другі год вайны знамянальны ў гісторыі таксама не толькі найвялікшай бойкай, а потым поўным разгромам гітлераўскай арміі на Волзе, але і гераічнай барацьбой народных мсціўцаў у тыле ворага. Гэта, па сутнасці, быў другі фронт. Нямецкае камандаванне не раз было вымушана здымаць баявыя дывізіі з фронту і кідаць іх на барацьбу з партызанамі.
Восенню 1942 года гітлераўцы вымушаны былі павесці наступленне на Ліпічанскую пушчу. Для гэтай мэты яны выкарысталі вайсковыя часці, якія накіроўваліся на фронт, а таксама ўсе галоўныя сілы слонімскага, дзятлаўскага, казлоўшчынскага, жалудоцкага і іншых гарнізонаў. Акупанты старанна распрацавалі план знішчэння партызан. Яны разлічвалі заціснуць атрады народных мсціўцаў у клешчы паміж Шчарай і Нёманам.
У канцы лістапада немцы буйнымі сіламі блакіравалі партызанскі раён. Яны наўмысна выбралі гэтую пару года для барацьбы з ляснымі салдатамі. У лістападзе звычайна замярзаюць рэкі і балоты, агаляецца лес, наступаюць лютыя халады. Здавалася, што яны да дробязей улічылі безнадзейнае становішча партызан у час блакады і ўжо зараней з самалётаў пачалі скідаць лістоўкі, прапануючы народным мсціўцам здацца. Тым, хто добраахвотна пакіне зброю, ворагі абяцалі захаваць жыццё. Але планы адно, а здзяйсненне планаў—зусім другое.
Немцы наступалі з трох бакоў, адціскаючы, як яны і меркавалі, партызан да Нёмана. Народныя мсціўцы разгадалі задуму ворага і прынялі свае контрмеры. А пакуль што яны рашылі даць бой фашыстам, затрымаць іх прасоўванне ў партызанскі раён, паблытаць планы нямецкага камандавання. Завязаліся цяжкія баі.
Атрад Булака займаў абарону па Шчары ад Руда-Яварскай да Малой Волі. Два тыдні ворагі не маглі пераступіць цераз Шчару. Яны зрабілі звыш дзесяці жорсткіх атак, у якіх страцілі не менш трохсот салдат і афіцэраў, але так і не здолелі фарсіраваць раку. I толькі тады, калі гітлераўцы павялі масіўны артылерыйскі абстрэл, а затым пусцілі самалёты і танкі, народныя мсціўцы, каб не панесці лішнія страты, вымушаны былі адысці ў глыб пушчы.
Апошні бой партызаны далі ў Вялікай Волі. Ён завязаўся раніцай і прадаўжаўся да ночы. Часам здавалася, што гітлераўцы вось-вось прарвуцца праз Шчару, але кожны раз становішча выратоўваў бронеатрад. Браневікі і танкеткі ва ўпор расстрэльвалі зялёныя мішэні, якія выпаўзалі на тонкі лёд Шчары.
Пачынала змяркацца. Кароткі дзень пагасаў у цяжкіх артылерыйскіх выбухах. У партызан канчаліся боепрыпасы. Было многа параненых, якія адразу не пажадалі пакінуць поле бою, а потым страцілі апошнія сілы. Іх трэба было ратаваць. Выдзеліўшы невялікую групу прыкрыцця і адзін бранявік, партызаны ноччу пакінулі Вялікую Волю.