Бацюшка з Нагародавіч




Вёска Нагародавічы раскінулася паблізу ад шашы, што вядзе са Слоніма ў Ліду. Калісьці гэта была даволі вялікая вёска: некалькі вуліц, цэнтр калгаса, клуб, пошта, васьмігадовая школа. Была і царква, але ў страшэнным запусценні, не працавала. Цяпер працуе толькі царква.

Пяць гадоў таму прыехаў сюды служыць айцец Іаан (Іван Яровіч) з матушкай Наталляй. І нейкім новым светам заззяла навокал, нейкім новым паветрам задыхалі мясцовыя жыхары.

Царкву, перш-наперш, памалявалі ў светлы колер, на прасторным двары пасеялі кветкі, паставілі лаўку, каб прыхаджанам было дзе адпачыць... Простыя, невялічкія быццам бы справы, але адразу стала светла, чыста, утульна.

А прыход у айца Іаана вялікі: адзінаццать вёсак. Толькі вось людзей у тых вёсках засталося зусім мала. Ды што казаць пра далёкія лясныя бандары ці Вусце, калі ў саміх Нагародавічах шмат пустых хат, няма ніводнага дзіцяці. Састарэлым жа прыхаджанам бывае цяжкавата дабрацца да храма, тады айцец Іаан сам падвозіць іх на сваёй машыне. І людзі ачышчаюцца тут душой, стаяць на службе як зачараваныя. А потым гавораць:

— Як жа цудоўна было! У бацюшкі і матушкі такія прыгожыя галасы, яны так хораша спяваюць, што душа замірае...

Але не толькі прыгажосцю галасоў набылі свой вялікі аўтарытэт у людзей бацюшка з матушкай. Усе бачаць, што нічым яны не адрозніваюцца ад простых сялян, як і яны, у поце здабываюць свой хлеб надзённы.

У свой час айцец Іаан набыў спецыяльнасць трактарыста, потым скончыў тэхнікум, дзе вывучыўся на механіка. Так што з тэхнікай ён, так бы мовіць, на "ты". Купіў трактар, але не толькі для сябе — не шкадуючы часу, дапамагае прыхаджанам у самай цяжкай рабоце: садзіць бульбу, апрацоўваць яе, а восенню капаць. Як жа рады гэтаму вяскоўцы! На прысядзібных участках калгаснай тэхнікі не дачакаешся, а айцец Іаан нікому не адмаўляе. Салярка, зразумела, нямала каштуе. Але ж плату, якую бацюшка-трактарыст бярэ за сваю працу, нават цяжка параўноўваць з афіцыйнай, такая яна малая. А з адзінокіх састарэлых жыхароў сваёй вёскі і ўвогуле мізэрная — хто колькі дасць. І напамінаць, што надышоў час акучваць бульбу ці каларадскага жука труціць, не трэба: сам усё зробіць, а восенню выкапае...

Калі ў Нагародавічах першы раз ім паказалі, так бы мовіць, службовае жыллё, схапіліся за галовы: на дварышчы быў такі бур'ян, нібы яго спецыяльна тут вырошчвалі, прыйшлося нават спілоўваць яго бензапілой. Затое цяпер тут усялякая гародніна, садовыя ягады...

Можна ўразіцца чысцінёй і парадкам, якія пануюць і на сядзібе айца Іаана, і ў самой хаце. Невысокі ганак засланы прыгожай светлай посцілкай, на якой ані кропелькі бруду. Чысцінёй дыхае на верандзе, у пакоях... Кажу пра гэта матушцы Наталлі.

— Я спаць не магу, калі ў мяне што-небудзь недароблена, — яе прыгожы твар асвятляе лагодная ўсмешка. — Мы наогул любім працаваць. А як жа інакш?..

І сапраўды, такой працалюбівасці, як у гэтых людзей, можна толькі пазайдросціць ды павучыцца ў іх. У прыватнай гаспадарцы айца Іаана і матушкі Наталлі ёсць і свінні, і куры, і сорак сотак пад бульбу ў полі і дваццаць ля хаты...

— Мы ніколі не кладземся спаць раней апоўначы, а зранку ўжо на нагах, — кажа матушка Наталля.

Думаю, не памылюся, калі скажу, што наўрад ці хто ў Нагародавічах так шмат працуе. І здзіўляцца тут не выпадае — абодва гадаваліся ў вёсцы, змалку да работы прывыклі. Айцец Іаан — з Бярозаўскага раёна паходзіць, матушка Наталля — са Століншчыны. Такія ж працавітыя іх сын Руслан і нявестка Вікторыя, якія жывуць у недалёкім пасёлку Гезгалы, такімі ж выхоўваюцца і двое ўнукаў.

І ўсё ж ёсць у жыцці з'явы, якія непакояць айца Іаана. Найбольш балючая з іх — выміранне вёскі, абыякавасць многіх сельскіх жыхароў, асабліва маладых, да працы, самагубнае п'янства.

Аднойчы, каб наварыць есці жывёле і птушцы, айцец Іаан прывёз на сядзібу восем трактарных прычэпаў дроў. Папілаваў, пакалоў. То некаторыя вяскоўцы, што ўшчэнт спіліся і не маюць чым прапаліць у печы, ходзяць да яго красці. І не толькі дровы. І не так шкада свайго дабра, як вяскоўцаў, што прадалі душу алкагольнаму д'яблу. Не шукаюць ратунку ад згубы, клапоцяцца толькі аб адным: дзе знайсці чарговую бутэльку самага таннага віна, бо на лепшае няма грошай.

Ад такіх паводзін горка і прыкра на душы ў айца Іаана, заўсёды моліцца ён у храме за выратаванне іх душ. І ўжо адчуваецца, як малітва гэта і ўласны прыклад патроху ўплываюць на тых, хто страціў у жыцці сэнс.

...Калі нядаўна я наведвала айца Іаана і матушку Наталлю, гаспадар збіраўся на радзіму на пахаванне цёткі. У доме раз-пораз званіў тэлефон: людзі прасілі ўзараць агароды, пасадзіць бульбу.

— Скажы, што я праз пару дзён прыеду і ўсё зраблю, — наказваў ён матушцы. І ў гэтых словах была шчырая заклапочанасць святара і селяніна аб блізкіх, аб зямельцы, якая прачнулася ад зімовага сну і чакае руплівых рук.

Леанарда ЮРГІЛЕВІЧ