
Кожная дзедава гісторыя была непадобная на астатнія. I ў кожнай з іх была якаясьці навука. Не важна — ці казка гэта была, ці байка, ці жартоўная гісторыя.
Дзедавых аповядаў мы чакалі штовечар, не цярпелася нам нам даведацца чарговую гісторыю. А дзед Антоній не спяшаўся. Толькі закончыўшы ўсе справы, ён садзіўся ля печкі, павольна набіваў сваю люльку тытунём, такім моцным, што і мы раз за разам чхалі. Апчхі, праўду кажу, што моцны, ажно і цяпер у носе казыча. Люлька выпускала дым, такі густы, як той туман, што плыве над ракой. Усміхаючыся ў бараду, з хітрынкай у вачах, дзед пачынаў сваю чарговую гісторыю. А ведаў ён іх незлічоную колькасць. Мо, нават больш, чым тыя Гогаль і Пушкін, пра якіх усё кажуць, што надта ж яны таленавітымі былі. Нават і кніжкі пра іх пішуць. Вось, часам і я мяркую: мо і мне кнігу пра майго дзеда напісаць?
Асабліва з дзедавых гісторый падабаўся нам аповяд пра анёла. Многае ў ім мы яшчэ тады і не разумелі, але ж гэтая цікавая, трохі сумная і нават трохі ўзнёслая гісторыя вельмі запала ў душу.
Адбылося гэта даўным-даўно, казаў дзед, зімой, якраз пад Стары новы год. Вечар выдаўся марозны, ясны. На небе, якое было без адзінага воблачка, чароўнай ракой лілося святло маладога месяца. Па вёсцы хадзілі каляднікі, вадзілі казу, спявалі песні, жартавалі, смяяліся. Такі гул стаяў навокал, што ажно даляцеў ён да нябёсаў. А з іх уважліва за вёскай, яе жыхарамі назіраў анёл. Ён быў яшчэ зусім малады, мала ведаў пра людзей, іх жыццё. А ў ноч перад Старым новым годам ён вартаваў вёску, сачыў, каб чаго не нарабілася: не захварэлі дзеці, каб ніхто не замёрз у сумёце. I галоўнае: каб чорт ізноў Месяц не ўкраў. Гэта ж, як казалі старыя людзі, аднойчы адбылося ў нейкай Дзіканьцы. Дзе знаходзілася тая Дзіканька, ніхто не ведаў, але пра тое, што шмат пярэпалаху і непрыемнасцяў нарабіў чорт сваім свавольствам, добра было вядома.
Каб гэта папярэдзіць, анёл уладкаваўся ля Месяца. Паднёсшы руку да вачэй, ён назіраў за вёскай. А моладзь тым часам гуляла, знімала веснічкі, барабаніла ў вокны, палохала гаспадароў. Так весела было, што анёлу за ўсім гэтым прыемна было назіраць, ажно душа і сэрца радаваліся. I ў той жа час вельмі карцела спусціцца на зямлю да людзей. Хаця б толькі на некалькі гадзінак. Ды і сумна было сядзець аднаму ў такую цудоўную ноч. Азірнуўшыся па баках і прывязаўшы Месяц да бліжэйшай зоркі, анёл скокнуў з нябёсаў на зямлю ды й накіраваўся да людзей.
— Усё ж лепш, чым проста назіраць, ды больш даведаюся, як людзі жывуць. А з Месяцам нічога не зробіцца, не паквапіцца больш на яго чорт. У мінулы раз, у Дзіканьцы, добра яго правучылі, — супакойваў сам сябе анёл, ідучы ад лесу да вёскі. Ішоў ён павольна, любаваўся бялюткім снегам, які зіхацеў, нібы каштоўныя дыяменты, удыхаў поўнымі грудзьмі свежае паветра, слухаў, як зоркі на небе перашэптваюцца. Вельмі радавала яго гэтая прыгажосць.
— I чаго людзям яшчэ трэба?— між іншым меркаваў анёл. — Усё ж ёсць, жыві ды радуйся. А то ўсё ім мала, усё турбуюць нейкія несусветныя жаданні. Выканаеш адно, з'яўляецца іншае. Мо лепш затачыць вушы, каб іх не чуць. А што, някепская ідэя. Хоць спаць спакойна буду. А то бывае, толькі засну, а тут ужо загад: ідзі выконвай жаданне. I так кожны дзень, нават ужо забыўся,калі нармальна спаў, — апанавалі такія роздумы анёла.
Не заўважыў ён, як дайшоў да вёскі. У вокнах гарэлі агеньчыкі, 3 комінаў шэрай стужкай віўся дымок. Ля адной з хат тоўпілася невялікая купка моладзі — хлопцы і дзяўчаты. Яны пра штосьці спрачаліся, ціхенька смяяліся, перагаворваліся. Яны і
не звярнулі аніякай увагі, што да іх далучыўся яшчэ адзін малады хлопец – вельмі прыгожы, з блакітнымі, як нябёсы ў летні поўдзень, вачамі.
— Што яны збіраюцца рабіць, няўжо шкоднічаць? — між іншым падумаў анёл. I не памыліўся. Апрануўшы касцюм ваўка, малады юнак пастукаўся ў хату. А гаспадыня, забыўшыся пра тое, што ў калядную ноч лепш не выглядваць нават з вокнаў (мала што можа памроіцца!), выглянула з хаты. На яе вызверылася воўчая пашча. Ад сполаху яна як закрычыць! Нават на другім канцы вёскі чуваць было. А затым як схопіцца за венік, ды й гойда за гэтым "ваўком". Толькі надта хуткі ён быў, паспеў уцячы. А за ім і іншыя свавольнікі. Спазніўся толькі анёл, яму і дасталося венікам.
— Ну, што за людзі, — жаліўся сам сабе анёл, ледзь уцёкшы і схаваўшыся ад раззлаванай жанчыны. — Вось так заўсёды: не разбярўцца, хто вінаваты. Галоўнае, каб на кімсьці спагнаць сваю злосць. Гэтак жа нельга. Ды й хіба ж не бачна, што я зусім не воўк. Я — анёл. Няўжо так цяжка мяне пазнаць? Але ж не кожнаму гэта дадзена. I ўвогуле, чаму так часта анёлы пакутуюць, чаму ім так часта даводзіцца плакаць? — працягваў разважаць сам з сабою анёл, павольна ідучы па вёсцы. — I ўсё з-за людзей, — уздыхаў ён. Ад крыўды яму хацелася і цяпер заплакаць: і чаго я спусціўся на гэтую зямлю? Лепш бы сядзеў на нябёсах, грэўся ля Месяца, ды й настрой меў бы добры, — з гэтымі думкамі анёл пайшоў далей.
3 задумення яго вывеў звонкі дзявочы голас:
— Чаго сумуеш? Сёння гэткая чароўная ноч. Пайшлі з намі калядаваць. 3 вясёлым смехам групка дзяўчат падхапіла пад рукі анёла, а затым накіравалася далей. Звонкі дзявочы смех, песні прагналі сумныя думкі. Анёл супакоіўся, з радасцю ўключыўся ў гэтую весялосць. Нават пачаў гуляць у снежкі, што яму вельмі спадабалася. Было прыемна вось так весяліцца, забыўшыся пра ўсё. Анёл адчуў сябе шчаслівым.
— I чаму людзі шукаюць шчасце дзесьці далёка? — падумаў ён. — Яно ж вось, смяецца побач. Анёл нават бачыў, як
гэтак жа звонка смяялася шчасце каля маладой дзяўчыны, не надта прывабнай, але шчырай, вясёлай, добрай. 3 ёй было лёгка,
таму што яна ўмела радавацца жыццю. І гэтай радасцю хацела падзяліцца з усімі, нават з анёлам.
— Не сумуй, - казала дзяўчына яму, — усё ж добра. Глядзі, як прыгожа наўкола.
А анёл любаваўся дзяўчынай. I таму нават не заўважыў, як яго сэрца чамусьці стала трапятаць, біцца ўсё часцей і часцей. А ад яе ўсмешкі яно нібыта млела, рабілася мяккім.
— Што са мной? — падумаў анёл. — Няўжо я захварэў? Напэўна, прастудзіўся. Папярэджвалі ж мяне, што снег не толькі
прыгожы, але і яшчэ вельмі халодны. А я без пальчатак. I ўвогуле, нязвыклы для мне зямны клімат. Не, лепей мне не гуляць у снежкі. Але сэрца па-ранейшаму працягвала трапятаць. I тады прыгадаў малады анёл аповяд свайго старэйшага настаўніка, які неяк расказваў яму пра людзей.
— Вельмі моцнае гэтае пачуццё — каханне, — успомніліся яго словы. — I радасць, і пакуты дорыць яно людзям. Толькі гэты чароўны падарунак яны не заўсёды могуць захаваць, разбіваюць яго ў адзін момант.
Ад разумення таго, што з ім здарылася, анёл не мог вымавіць ні слова. А калі дзяўчына запыталася пра яго імя, ён зусім знямеў. Толькі пасля вымавіў:
— Анёл.
— Хіба анёлы ходзяць па зямлі? — здзівілася яна. — Калі так, тады ты будзеш маім анёлам, — засмяяўшыся, дзяўчына разам з сяброўкамі пабегла варажыць, пакінуўшы анёла ў задуменні.
Магчыма, ён доўга так бы і стаяў, думаў пра каханне, марыў, каб не ўбачыў, што з Месяцам на небе штосьці незвычайнае робіцца. Яго ізноў спрабаваў скрасці чорт. Ён ужо адвязваў Месяц ад зоркі, каб хутчэй закінуць у свой мех, пакінуць людзей у цемры.
— Трэба ратаваць Месяц, інакш зноў на зямлі будуць непрыемнасці, — з такімі думкамі анёл кінуўся на нябёсы. Спужаўся чорт і таму хутка ўцёк. А анёл, яшчэ мацней прывязаўшы Месяц і ўладкаваўшыся ля яго, працягваў назіраць, што робіцца на зямлі. I ў першую чаргу ён назіраў за сваёй прыгажуняй, якая прымусіла трапятаць яго сэрца, прымусіла перажыць хаця б толькі адно імгненне кахання.
— А пайду я напрашуся быць яе анёлам-ахоўнікам, — так разважаў анёл сам з сабою. — Заўсёды буду побач, заўсёды буду ахінаць яе сваёй любоўю, буду засцерагаць яе ад кепскіх учынкаў. Дарэчы, адзін з іх яна ўжо зрабіла — пайшла варажыць.
...Вось такую гісторыю расказваў мой дзед Антоній. Можа, меркаваў ён, гледзячы на нас з хітрынкай у вачах, адбываецца яна і кожны год. Можа, яшчэ і цяпер ходзяць анёлы сярод людзей? Толькі вось чамусьці нябачныя яны.Ці мы іх не хочам бачыць? Эх-хе-хе. Вось так, даражэнькія мае.
А. Дуброўская. “Перамога”, №2. Дуброўская. “Перамога”, №2.