
Восенню другога года вайньі, калі партызанскі рух прыняў самы шырокі размах, па Вялікай Волі пранеслася нядобрая чутка. Яна пакуль што па сакрэту перадавалася з вуснаў у вусны, чорнай кошкай перабягала з дома ў дом. Людзі страшыліся вымаўляць яе ўголас, не хацелі верыць у магчымасць такога няшчасця. Але чутка жыла, і падзеі апошняга часу былі на яе баку.
— Няўжо праўда? — трывожыліся велікавольцы.— Няўжо ворагі і на самай справе забілі Булака?
Невядома, як у Вялікую Волю трапіла лістоўка. Акупанты паведамлялі насельніцтву, што ўрэшце пакончана з «галоўным бандытам» Булаком. Яны набраліся нахабнасці запрашаць людзей наведацца ў Слонім, паглядзець на «забітага» Булака. Яны абяцалі не толькі нікога не затрымліваць, а нават выплачваць па некалькі марак тым, хто прыехаў здалёку. Фашысты былі аматарамі розных авантур і нярэдка не шкадавалі на свае зацеі акупацыйных марак.
3 Вялікай Волі ў Слонім ездзілі Іван Альховік і Іван Шалесны. Іх спецыяльна накіравалі вяскоўцы, каб праверыць праўдзівасць нямецкай лістоўкі. Нейкае прадчуванне ім падказвала, што гэта няпраўда, што акупанты наўмысна распаўсюджваюць чутку аб смерці партызанскага важака.
На спецыяльна адведзенай пляцоўцы на бруднай плашч-палатцы ляжаў акрываўлены труп. Твар забітага быў змардаваны да непазнавальнасці. Рост, камплекцыя чалавека сапраўды нагадвалі Булака. Толькі навошта фашысты так старанна знявечылі твар забітага?
Аднойчы, у час дэманстрацыі «смерці» Булака, да забітага наблізіўся стары з доўгай пугай у руцэ. Расхіліўшы натоўп, ён стаў уважліва ўзірацца на труп...
— Дык гэта ж Пятрусь, наш вясковы дурань! — здзівіўся стары.— Дома яго шукаюць, а ён вось дзе...
Далей гаварыць старому не далі. Гітлераўцы вывалаклі яго з натоўпу, скруцілі рукі і павялі ў камендатуру...
Ці ж можна ашукаць народ! Дарэмна вылюдкі брахалі на ўсе лады аб смерці Булака, дарэмна прапанавалі маркі. Кожны, каму давялося ўбачыць забітага, не толькі не паверыў сам, але хутчэй спяшаўся дадому, каб паведаць вяскоўцам, што немцы лгуць, што забіты зусім другі чалавек, якога яны наўмысна выдаюць за Булака.
У фашыстаў была хітрая задума, але яны пралічыліся. Акупанты спадзяваліся, што чым больш людзей убачыць «забітага» Булака, тым шырэй разнясуць гэтую вестку, а гэта падарве веру ў народных мсціўцаў, пасее сумненні ў іх сілы. Атрымалася ж наадварот.
Тое, што народ ужо даўно разгадаў хітрыкі, мала бянтэжыла гітлераўцаў. Яны працягвалі выстаўляць труп на відовішча.
Ворагі, напэўна, і не падазравалі, што, імітуючы смерць Булака, яны былі блізкія да ісціны. У той час, калі, схапіўшы ў вёсцы Александрыя Петруся, які сваім целаскладам нагадваў Булака, забілі яго і выдавалі за партызанскага камандзіра, Павел Іванавіч знаходзіўся на валаску ад смерці. У баі пад вёскай Лупачы варожая куля параніла яго ў жывот. Партызанам удалося вынесці свайго камандзіра з поля бою. Больш двух месяцаў партызанскія ўрачы змагаліся за яго жыццё. Урэшце смерць была пераможана. Павел Іванавіч устаў на ногі і зноў павёў лясных салдат на бой з ворагамі. Неўзабаве яго атрад разграміў калону фашыстаў, якая рухалася з Дзятлава ў Казлоўшчыну.
Так у акупантаў нічога не атрымалася і з імітацыяй смерці Булака. Іх козыр аказаўся бітым.
Акупантаў ніколі не пакідала думка пакончыць з Булаком. Яны дамагаліся любой цаной схапіць яго жывым, а калі гэта не ўдасца, то знішчыць яго. Упэўніўшыся, што іх авантура з «забітым» Булаком правалілася, яны пачалі вышукваць новыя спосабы, каб знішчыць партызанскага важака. Як і трэба было чакаць, галоўную стаўку яны рабілі на подкуп. Гітлераўцы назначылі ўзнагароду за галаву Булака. Хто даставіць ім жывога ці мёртвага Булака або акажа садзеянне ў яго знішчэнні, акупанты абяцалі таму 75 тысяч марак і 40 гектараў зямлі. Лістоўкі з абяцанымі маркамі былі расклеены ў Слоніме, Дзятлаве, Казлоўшчыне і іншых месцах. Ворагі ўжо не спадзяваліся на свае ўласныя сілы і зноў вымушаны былі звярнуцца да паслуг здраднікаў. I яны знайшліся.
Аляксандр Крыўда, як ні дзіўна, быў партызанам у атрадзе Булака. Ціхі, непрыкметны, ён адрозніваўся ад другіх людзей сваім непамерна прагным характарам. Цяга да нажывы была ў яго настолькі моцнай, што і вайну ён разумеў як сродак нажывы. Крыўда спаў і марыў аб багацці, уласнай зямлі і конях, карове. Здавалася, што ў яго няма іншых думак. I яшчэ ў яго назіралася звычка на ўсіх і на ўсё крыўдаваць. Яго прозвішча як нельга лепш імпанавала яго звычцы. Ярка свеціць сонца — яму не даспадобы, няма сонца — таксама хныча. У атрадзе не любілі і цураліся яго. Доўгая хісткая постаць Крыўды, на якой тырчала маленькая, нібы ў гадзюкі, галава, выклікала агіду. I голас у яго быў ціхі, сіпаты, як шыпенне змяі.
I вось Аляксандр знік з атрада. Знік без следу.
Аднойчы вечарам у Слоніме нямецкія патрулі затрымалі незнаёмага чалавека. Дрыгаючы доўгімі нагамі, ён хуценька выцягнуў з халявы патоптаных ботаў пакамечаны ліст паперы і сунуў яе патрулям. Гэта была лістоўка, у якой акупанты абяцалі ўзнагароду за галаву Булака. Ворагі адразу змянілі гнеў на міласць. Яны зразумелі, з кім маюць справу. Не так лёгка было ім знайсці здрадніка. Мінуў цэлы месяц, але яшчэ ніхто не паквапіўся на 75 тысяч марак і 40 гектараў зямлі. Крыўда быў першым, хто рашыўся за зямлю і грошы прадаць не толькі сваё сумленне, але і жыццё чалавека, партызанскага камандзіра.
Здраднік пакляўся фашыстам злавіць Булака, жывым даставіць яго ў рукі катам. Да назначанай узнагароды Крыўда папрасіў надбаўкі — каня і карову.
Праз свайго чалавека партызанам стала вядома здрада Крыўды. Пачалося незвычайнае паляванне. Народныя мсціўцы выследжвалі здрадніка, той у сваю чаргу з бандай паліцаяў паляваў за Булаком.
Неяк велікавольцы пачулі, што з Дзярэчына ў Руда-Яварскую павінны прайсці акупанты. Іван Чудзілоўскі сеў на каня і паскакаў да Булака, каб паведаміць аб намерах ворага. Павел Іванавіч загадаў наладзіць засаду і знішчыць фашыстаў. Народныя мсціўцы рыхтавалі наступленне на Руда-Яварскую і не хацелі дапусціць, каб туды падышло падмацаванне.
Бой на руда-яварскай дарозе быў кароткім. Калона была разгромлена. На абочынах засталося ляжаць 20 немцаў і паліцэйскіх, 22 фашысты былі ўзяты ў палон, Сярод забітых быў Аляксандр Крыўда. Ён ляжаў тварам да зямлі, шырока распасцёршы доўгія рукі. Здавалася, што нават мёртвы ён прагне заграбастаць пабольш зямлі.
Іван Жоглік быў прамой процілегласцю свайму папярэдніку па здрадзе. Ад Крыўды ён адрозніваўся не толькі знешне, але і метадамі барацьбы, якія выбраў супраць Булака. Смелы і хітры, Жоглік на самай справе з'яўляўся небяспечным ворагам, якога трэба было баяцца. Узброены да зубоў, ён не спадзяваўся на сілу акупантаў, а выследжваў важака народных мсціўцаў адзін. Мясцовы жыхар, нядаўні партызан, здраднік ведаў усе сцяжынкі Ліпічанскай пушчы, у любую мінуту мог нанесці ўдар у спіну. Жоглік рашыў любой цаной атрымаць узнагароду, абяцаную фашыстамі за смерць Булака, і, не спыняючыся ні перад чым, настойліва ішоў да сваёй нягодніцкай мэты.
Аднойчы раніцай да Булака прыскакаў сувязны з вёскі Вострава.
— Павел Іванавіч,— устрывожана сказаў ён.— Жоглік дома! Вяскоўцы бачылі, як ён краўся да сваёй сядзібы. Напэўна, на дзень схаваўся ў гняздзе...
Неўзабаве пяць коннікаў ва ўвесь дух скакалі ў напрамку Вострава. Жоглік жыў на хутары непадалёку ад лесу. Вялізная хата з надворнымі будынкамі служыла надзейным сховішчам для здрадніка. Тут ён праседжваў дзень, а ноччу, нібы драпежнік, адпраўляўся паляваць на людзей.
Партызаны падскакалі к дому Жогліка. Пачуўшы тупат коней, на двор выбегла гаспадыня. Па яе разгубленасці Павел Іванавіч зразумеў, што сувязны не памыліўся.
— Дзе Іван? — спытаўся ён у жанчыны.
— Ці ж я ведаю дзе,— перамогшы жах, прамовіла і аспадыня.— Няма яго.— Але Булак ужо не слухаў яе. 3 аўтаматам у руках ён увайшоў у дом. Партызаны затрымаліся на двары. Павел Іванавіч асцярожна прайшоў кухню, адзін пакой, другі... Нікога няма. Побач з кухняй была цёмная камора з двума выхадамі — на кухню і ў пакой. Толькі Булак скіраваўся ў камору, як ззаду на яго абрушыўся моцны ўдар...
Здраднік увесь час сачыў у шчыліну за партызанамі. Калі Булак увайшоў у дом і спыніўся перад каморай, Жоглік з сякерай у руках шмыгнуў цераз другія дзверы і падкраўся з тылу. На шчасце, ён не разлічыў удару. Сякера зачапілася за перакладзіну над дззярамі і слізганула ўбок. Удар прыйшоўся па плячы.
Перасільваючы востры боль, Павел Іванавіч рынуўся на здрадніка. Завязалася бойка. Калісьці Іван і Павел не раз біліся ў дзяцінстве. Яны раслі ў адной вёсцы, былі сябрамі. Вайна зрабіла іх ворагамі. І як не падобна была гэтая бойка да тых бяскрыўдных схватак дзіцячых год. Тут адзін з іх абавязкова павінен быць мёртвым. Але хто? У абодвух была зброя, і ніхто не мог стрэліць. Жывы клубок круціўся па падлозе, размотваючы крывавую нітку смерці.
3 двара партызаны кінуліся ў хату. Але дапамога іх камандзіру не спатрэбілася...
Драпежнік, які паляваў за чалавекам, сам трапіў у пастку. Скруціўшыся, здраднік валяўся на бруднай падлозе. Побач ляжала яго сякера.
Такі незайздросны лёс напаткаў здраднікаў. Зямлю яны атрымалі, а вось убачыць абяцаныя маркі так і не давялося.