
Тэатральная студыя "Мелодыя душы", якую ўзначальвае Іван Іванавіч Каско, дзейнічае пры Дзятлаўскім раённым доме культуры ўжо на працягу трох гадоў. Гісторыя студыі пачыналася з драматычнага гуртка "Вертеп", удзельнікі якога спрабавалі свае акцёрскія здольнасці ў невялікіх інтэрмедыях. Цяпер тэатральная студыя працуеў жанры моднага сёння мюзікла, які спалучае песню, танец, драматычную дзею.
Усяму гэтаму вучацца 27 юных акцёраў, якія наведваюць студыю. Яны збіраюцца разам два разы на тыдзень, каб азнаёміцца з новай роляй, "прагнаць" яе, каб дасканала падрыхтавацца да паказу чарговай прэм'еры. Апошняя з іх — мюзікл па матывах казак Аляксандра Пушкіна "Цуды ў Лукамор'і".
Казка расказвае аб чароўнай краіне — Лукамор'е, якой валодаюць светлыя сілы і ўладу над якой імкнуцца атрымаць сілы зла на чале з Кашчэем Бессмяротным. Дарэчы, гэтую ролю выконвае дзяўчына.
Двух багатыроў таксама іграюць дзяўчаты: у тэатральнай студыі юнакоў няшмат.
У ролі Кашчэя задзейнічана Вераніка Каляга. Для яе гэта не першая негатыўная роля: у папярэднім мюзікле "Каляровыя сны Эколь" Вераніка іграла эма Людачку. А пачынала свой акцёрскі шлях дзяўчына ў ролі Калабка ў "Казцы пра новага Калабка" — адным з першых мюзіклаў, які прэзентавала тэатральная студыя.
Сёння студыя — адзін вялікі згуртаваны калектыў. Тут нараджаюцца новыя знаёмствы, дзеці адкрываюць свае здольнасці, тут яны вучацца ствараць новы свет, які ўбачаць гледачы ў час прэм'еры. А за кулісамі застануцца шматгадзінныя рэпетыцыі, першае чытанне ролі і генеральная "прагонка", экспромты, падрыхтоука касцюмаў. Усім гэтым напоўнена жыццё юных удзельнікаў тэатральнай студыі — апантаных сваей справай дзяцей і падлеткаў, вочы якіх свецяцца радасцю.
— Я прыйшла ў студыю некалькі гадоў таму, — гаворыць Вікторыя Пышко, — пачынала з ролі Зайца ў "Казцы пра новага Калабка", аднак у мяне не ўсё атрымлівалася, у прыватнасці, спяваць. Таму я пакінула калектыў. Потым вярнулася. Засумавала, адчула, што мне не хапае вось гэтага тэатральнага свету.
— Тэатральная студыя — гэта ўжо частка майго жыцця, — кажа Марына Цуманкова. — Мне падабаецца іграць. У "Цудах у Лукамор'і" я задзейнічана ў ролі Васілісы Прамудрай. Лічу, што роля адпавядае майму характеру, паколькі я такая ж жвавая, бойкая, жыццярадасная, люблю жартаваць.
Лізавета Сайчык і Крысціна Салаўёва іграюць у мюзікле сясцёр Васілісы — Царэўну Лебедзь і Алену Прыгожую. У адрозненні ад бойкай Васілісы, гэта ўзнёслы» і рамантычныя вобразы, якія сімвалізуюць сапраўдную прыгажосць і дабрыню.
Менавіта гэтыя якасці не падабаюцца Кашчэю і яго паплечнікам. Толькі па законах казкі дабро заўсёды перамагае зло. Сілу дабрыні нават не могуць адолець ні магічная хітрасць Бабы Ягі (у гэтай ролі задзейнічана Аляксандра Жэгалік), ні сіла Гаспадыні марской стыхіі (Кацярына Губко).
Увогуле, кожны мюзікл тэатральнай студыі нагадвае аб чароўным свеце, дзе заўсёды пануюць вера, прыгажосць, мудрасць. Аб гэтым раскажа і наступная музычная казка "Мелодыі душы" — "Прыгажуня і Пачвара". Яе прэм'ера пройдзе ў сакавіку, у Дзень тэатра.
А. ДУБРОЎСКАЯ