
Ці часта сёння вы сустрэнеце людзей, якія крочаць па жыцці з цёплай усмешкай на вуснах, радуюцца кожнай праяве гэтага жыцця? Такая Вікторыя. Для некага яна проста дзяўчынка з Дзятлава, для іншых — шчыры і добры сябра, а для настаўнікаў — актыўная і таленавітая вучаніца, асабліва для настаўнікаў англійскай мовы.
Размаўляючы з Вікай, зразумела: яна чалавек усебакова развіты. I ў гімназіі вучыцца на выдатна, і ў школе мастацтваў па класе фартэпіяна — таксама на выдатна; а яшчэ яна — актыўная ўдзельніца гімназічнага жыцця. Сёлета Віка ад паралелі 9-х класаў балаціравалася ў прэзідэнты гімназічнага самакіравання і па колькасці галасоў заняла другое месца, стала прэм'ер-міністрам гімназіі.
Ёсць у нашай гераіні і любімы занятак — разам з сяброўкамі Данай Васкель і Ангелінай Патрыхінай глядзець фільмы на англійскай мове і перакладаць іх на рускую. I, безумоўна, не абыходзіцца без адпачынку. Ён у сябровак таксама актыўны: паходы на прыроду, песні пад гітару ля вогнішча, вандроўкі з рукзаком за спіной, паездкі на мора.
— Скажы, Віка, — звярнулася я да дзяўчыны, — у цябе ёсць мара?
Віка ўсміхнулася: "Я вельмі люблю сваю Беларусь і вывучаю англійскую мову для таго, каб паехаць за мяжу і ўсім расказаць пра прыгажосць, непаўторнасць майго краю, яго славутых людзей, яго гісторыю. А яшчэ пра нашых буслоў і сіні васілёк у жыце.
Гледзячы ў вочы Вікі, разумела — яна гаворыць шчыра. Хай жа ўсё атрымаецца так, як задумана. У добры шлях, Віка, новых табе перамог!
Юлія Якаўчык, вучаніца Дзятлаўскай гімназіі. “Перамога”, №2.