
У газеце, якую Белушы прывезлі з кірмашу, быў вялікі артыкул пра забастоўку рабочих шчучынскай фанернай фабрыкі, пра жорсткую расправу жандармаў з забастоўшчыкамі. На фабрыцы працавалі і выхадцы з Руды Ліпічанскай, таму жадаючых дазнацца з газеты, што і як там чынілася, ставала. Зайшоў да Белушаў і Уладзімір Трафімовіч:
— Мой родзіч таксама трапіў у тую катавасію, — сказаў, — дагэтуль ачухацца не можа. А што ў газэтцы пра тое напісана?
I Міхась у каторы ўжо раз перачытаў газету ўголас. Ён амаль завучыў ужо, што там напісана. Слухачы чытанае ўспрымалі па-рознаму. Хто натужліва, па-пушчанску зацята, удумваўся ў пачутае. Хто нецярпліва перабіваў пытаннем, а што ж цяпер будзе, га?
Абыякавых не было. Смялейшыя рабілі выснову: а як жа, бараніцца трэба, хіба мы не людзі?! I што ўразіла Міхася, гэтых, смялейшых, было многа, было ці не большасць. А што будзе, і яму карцела дазнацца. Ён, не кажучы нават дома, ужо добра пагутарыў пра газету і забастоўку з мясцовым настаўнікам.
Міхасёвы прыязныя стасункі з Мікітам Іванавічам пачаліся са школьнай бібліятэкі. Настаўнік заўважыў, што хлопец па другому разу перачытвае кнігі, якіх у школьным зборы было няшмат.
— Любіш чытаць? — папытаўся.
— Вельмі люблю.
— А язык трымаць за зубамі ўмееш?
Гэта не было пытанне, зразумеў Міхась, гэта была перасцярога, каб не гаварыў, не падумаўшы, з любым стрэчным-папярэчным.
Настаўнік запрасіў Міхася на сваю кватэру, дастаў з аднекуль добра пашарпаную кніжку. Якуб Колас "Дрыгва".
— Як прачытаеш, заходзь, пагутарым. Міхась прачытаў адным глытком.
— Усё зразумеў? — папытаўся Мікіта Іванавіч.
— Усё. Але ёсць пытанне.
— Кажы.
— Чаму ў дзеда Талаша быў партызанскі атрад, а ў нашай ваколіцы няма? Хіба ў нас няма несправядлівасці?
Такога пытання Мікіта Іванавіч, відаць, не чакаў. Вельмі ўжо хутка яго школьны вучань праклаў масток ад літаратурных падзей да рэчаіснасці.
— Бачу, гарачы ты хлопец. Гэта і добра, і можа быць кепска. Вось каб не сталася кепска, давай пагамонім без спеху.
3 таго дня і пачаліся між імі размовы пра сялянства, шляхту, пра Беларусь, Польшчу, адным словам — пра палітыку. Дазнаўся Міхась пра Кірылу Арлоўскага, Сяргея Прытыцкага, Піліпа Пестрака, пра ТБШ, рабоча-сялянскую Грамаду.
Вялікім адкрыццём сталася асоба Ігната Дварчаніна. Гэта прозвішча хоць і было знаёмае з вокладкі школьнага падручніка, але ніколі на ім не засяроджваўся. I вось на табе, аказалася, што Дварчанін — таксама пушчанец, з не такіх каб далёкіх Погіраў, і чалавек адважны — не пабаяўся выступіць супраць несправядлівай улады.
Падзеі на шчучынскай фанернай фабрыцы закранулі Руду Ліпічанскую не толькі газетным артыкулам. Праз колькі дзён наведаўся ў вёску павятовы прыстаў. Хадзіў, выпытваў, зайшоў і ў хату да Белушаў. Узяў кніжку з паліцы, уважліва перагартаў, нетаропка і моўчкі прайшоўся паўз усіх сцен.
Старэйшыя Белушы, Міхась на той час адлучыўся, напружана чакалі.
— Да нас дайшлі звесткі, — сказаў візіцёр, — што ў вёсцы вядзецца антыдзяржаўная прапаганда. I ваш сын у гэтым удзельнічае.
Прыстаў зрабіў шматзначную паўзу, яшчэ больш напружваючы гаспадароў. Першая не стрывала маці:
— Ды што вы, паночак, што ж вы кажаце, наш сын яшчэ замалы, каб гаварыць што супраць дзяржавы...
— Слухайце, што я вам скажу! — перабіў яе дзяржаўны чыноўнік. Ізноў памаўчаў для важнасці і з націскам на першае слова нетаропка вымавіў:
— Афіцыйна папярэджваю, калі гэта пацвердзіцца, у вас будуць вялікія непрыемнасці.
Вечарам вёска абмяркоўвала візіт прыстава. Пушчанцы спрабавалі дазнацца — цікава ж! — хто і якую вядзе прапаганду. Нічога пэўнага не дазналіся і ўжо праз тыдзень-другі за клопатамі пра хлеб надзённы забыліся на прыстававу прапаганду. Адной пераменаю пасля наезду начальства сталася хіба тое, што настаўніка Мікіту Іванавіча перавялі ў іншую вёску.
(Працяг будзе)