Дзесяць гадоў на сцэне

2017 год - знакавы для тэатральнай студыі "Мелодыя душы". Па-першае, сёлета калектыў пацвердзіў ганаровае званне "ўзорны", па-другое - адзначыў дзесяць гадоў свайго існавання. Карэспандэнтка газеты "Перамога" завітала на рэпетыцыю "Мелодыі душы", каб разам з юнымі артыстамі і рэжысёрам Іванам Каско ўзгадаць, з чаго ўсё пачыналася, і паслухаць тэатральныя навіны.

Па словах першага і нязменнага рэжысёра ўзорнай тэатральнай студыі "Мелодыя душы" Івана Іванавіча Каско, першы кліч аб зборы каманды быў кінуты ў цяпер ужо далёкім 2007 годзе. Сабраўся касцяк з аднадумцаў, вучняў сёмых-восьмых класаў. Ідэйнымі натхняльнікамі творчага калектыву былі Вераніка Чыгір, Вераніка Каляга, Юля Каско, Марына Цуманкова. Са з'яўленнем у тэатры Кацярыны Губко звязана цікавая гісторыя. Першай пастаноўкай юных тэатралаў быў "Новы Калабок", і на ролю Калабка шукалі дзіця, ім у рэшце рэшт і аказалася Каця — маленькая сярод старэйшых.

У першым саставе калектыву ўсе спявалі, самі запісвалі песні, ставілі харэаграфію. Ідэяў і натхнення было столькі, што з драматычнага гуртка пры Доме культуры аб'яднанне хутка перарасло ў тэатральную студыю, атрымала сваю сімвалічную назву.

— Наш першы спектакль "Новы Калабок" стаў добрым стартам. Прэм'ера прайшла паспяхова, мы з "Калабком" гастралявалі. Далі больш за 200 выступленняў, першыя з якіх — па Навагрудскай епархіі, — расказвае Іван Каско. — Фінальнымі словамі ў ім былі такіія: "Што ў Калабка ўсярэдзіне? — Трапяткая душа". Так, параіўшыся, і надалі нашему спеўнаму тэатру назву "Мелодыя душы".

Праз тры з паловай гады студыя "Мелодыя душы" атрымлівае статус узорнай з чарговай гучнай пастаноўкай — моладзевым мюзіклам "Каляровыя сны Эколь", з якой становіцца ўдзельнікам і лаўрэатам многіх тэатральных фестываляў.

Да свайго маленькага юбілею тэатр-студыя падышла з юбілейнай, 20-й пастаноўкай, якую дзятлаўчане маглі пабачыць на мясцовай сцэне месяц таму. За дзесяцігоддзе было нямала пройдзена, адрэпеціравана і пражыта. Былі спектаклі, якія грымелі на раённай сцэне і далека за яе межамі, а былі такія, які паказваліся толькі аднойчы, некаторыя і не дайшлі да паказу. Было мора ўсмешак і сапраўдныя, несцэнічныя дзіцячыя слёзы.

— Здарылася такое, калі ставілі брадвейскі мюзікл "Прыгажуня і пачвара", у дзяўчынак было мора слёз за галоўную ролю ў спектаклі, — узгадвае рэжысёр.

3 адной са "свежых" грунтоўных пастановак студыі, "Без месца жыхарства", мелі магчымасць пазнаёміцца жыхары розных населеных пунктаў нашага раёна. 3 ёй калектыў паспяхова чарговы раз абараніў званне "ўзорны". За гэты час абнавіўся і значна вырас састаў тэатральнага калектыву, змянілася і канцэпцыя падачы матэрыялу. Па словах Івана Каско, які скрупулёзна вядзе хроніку "Мелодыі душы", нядаўна ў склад тэатра-студыі запісаўся двухсоты з для яго ўтварэння ўдзельнік. За гэты час калектыў займеў сваіх выпускнікоў, якія пры любой магчымасці не прамінаюць завітаць у родныя сцены тэатра.

На сёння "Мелодыя душы" — хіба што адзіны ў вобласці сярод калектываў, які спецыялізуецца на тэатральнай пастаноўцы мюзіклаў.

— Пасля нядаўняга прагляду тэатра-студыі з мюзіклам "Без месца жыхарства" куратар з вобласці Аліцыя Людвігаўна Рабцава заўважыла, што гэты жанр — сапраўды наш, і параіла ў далейшым ад яго не адыходзіць, — кажа Іван Іванавіч.

Жыццё юных тэатралаў — гэта не толькі прэм'еры, святы і авацыі, але і пастаянная напружаная праца. У час тэатральных капуснікаў юныя артысты маюць магчымасць адчуць сябе рэжысёрамі, сабраць каманду і паставіць міні-спектакль. Па словах школьнікаў, рэгулярнае наведванне рэпетыцый і сур'ёзная занятасць у тэатры не перашкаджаюць вучобе, а наадварот — вучаць правільна размяркоўваць час і канцэнтравацца на важным. Таму не дзіўна, што артысты студыі часта з'яўляюцца актывістамі ў школе.

Сярод шматлікіх цікавых момантаў юныя тэатралы пералічваюць удзел у конкурсах і фестывалях, значнымі сярод якіх лічаць "Славянскі базар у Віцебску" і "Тэатральны карнавал" у Дзятлаве. Таксама юныя артысты мелі магчымасць па запрашэнні дырэкцыі Слонімскага драматычнага тэатра выступаць на прафесійнай абноўленай тэатральнай сцэне, што іх вельмі ўразіла.

Пры тэатральнай студыі "Мелодыя душы" працуе тэатр гульні роставых лялек "Лялькі для ўсіх", які праславіў наш раён па ўсёй Беларусі і за мяжой. Дзякуючы залатым рукам касцюмера Аксаны Кашляк, на сцэне ажываюць героі многіх сучасных мультфільмаў, любімых дзецьмі і іх бацькамі. Вядомыя мультгероі, у вобразах якіх выступаюць артысты тэатральнай студыі, становяцца заўсёднымі ўдзельнікамі раённых мерапрыемстваў, дзіцячых ранішнікаў і забаўляльных праграм. Напрыклад, для малёнькіх дзятлаўчан — "Вясновае навушахстаянне".

Рэжысёр лічыць, што кожная новая пастаноўка павінна быць на першы погляд вельмі складанай, каб артыстам было куды расці. Таму ў сваім рэпертуары "Мелодыя душы" выкарыстоўвае ў тым ліку спёктаклі прафесійных тэатраў.

А што будзе далей? Ідэяў у юных артыстаў заўсёды шмат. Хутка лета, у кагосьці — экзамены, а на канікулах — зноў сустрэчы на рэпетыцыях. Удзельнікі "Мелодыі душы" раскрылі творчы сакрэт: задумку ў будучым паставіць на сцэне сапраўдны вадэвіль па матывах п'есы 19 стагоддзя. А калі ёсць ідэя — будзе і ўвасабленне.

Н. АВЯРЧУК

Ответить

CAPTCHA
Этот вопрос задается для проверки того, не является ли обратная сторона программой-роботом (для предотвращения попыток автоматической регистрации).

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/