Гасцінна сустракаў Ваўкавыск

Хіба гэта не цікавы занятак — вандроўкі, асабліва калі выправляется ў дарогу з цікавымі табе людзьмі і аднадумцамі. Так атрымалася і 8 лютага. 3 ініцыятывы раённай арганізацыі грамадскага аб'яднання "Беларускі саюз жанчын" і раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама група педагогаў, якія ўзначальваюць школьныя музеі, накіравалася ў старажытны горад Гродзеншчыны Ваўкавыск. Здаецца, горад недалёкі, але многія з нас ехалі туды ўпершыню.

Спачатку нас гасцінна сустрэла гімназія № 1 горада Ваўкавыска, дзе была прапанавана тэатралізаваная экскурсія, прысвечаная Вялікай Айчыннай вайне на тэрыторыі Ваўкавыскага раёна. Вучні гімназіі, пераапранутыя ў тагачасную вопратку, праўдзіва перадалі атмасферу вайны, тое, што перажылі мірныя жыхары розных нацыянальнасцяў. Асабліва ўразіла тое, што наведвальнікі музея нібы пераносяцца ў тагачасны Ваўкавыск, чуюць гул самалётаў, крыкі людзей, нямецкую мову, выбухі бомбаў.

Але ў гэтай гімназіі ёсць яшчэ адзін музей, і расказвае ён пра акцёра Аляксандра Дзядзюшку, які сыграў у многіх фільмах, быў вядомым тэлевядучым праграмы "Вуліца тваіго лесу", прысвечанай знакамітым, але забытым людзям. Аляксандр трагічна загінуў разам з сям'ёй у 2007 годзе. Калектыў гімназіі вырашыў стварыць музейны пакой, прысвечаны яго жыццю і творчасці.

Наступным прыпынкам нашай групы была сярэдняя школа №8 горада Ваўкавыска з польскай мовай навучання. Адміністрацыя школы паказала нам класныя пакоі і бібліятэку, вучні расказалі пра выставу гравюраў, размешчаную ў адным з самых доўгіх калідораў школы, а потым мы наведалі музей лесу. Невялікі пакой, але колькі цікавага і незвычайнага ў ім. Ён адкрыты ў 2015 годзе, і яго называюць крэатыўна — музей пяці пачуццяў. Чаму пяці пачуццяў? Ды таму, што пяць пачуццяў дазваляюць разумець лес: бачыць, чуць, адчуваць пах, дотык і смак. Лес прадстаулены ў музеі ўсебакова: як свет наваўторнай беларускай прыроды, як казка, а яшчэ як скарбонка жыцця для беларусаў.

Нельга было не наведаць і знакаміты музей Ваўкавыска, які носіць імя П. I. Баграціёна. Двухпавярховы будынак музея змяшчае багатую экспазіцыю з арыгінальнымі экспанатамі часоў вайны з Напалеонам, расказвае пра знакамітых палкаводцаў таго часу, а таксама пра гісторыю тысячагадовага горада Ваўкавыска.

Уражанняў ад паездкі было шмат. I ўсе мы сышліся на думцы: трэба часцей выязджаць, цікавіцца тым, што побач з намі. I, зразумела, знаёміць з родным краем нашых вучняў.

А. АБРАМЧЫК, настаўніца гімназіі №1 горада Дзятлава

Ответить

CAPTCHA
Этот вопрос задается для проверки того, не является ли обратная сторона программой-роботом (для предотвращения попыток автоматической регистрации).

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/