Сельскі сход у Раклевічах

У аграгарадку Раклевічы адбыўся чарговы сельскі сход мясцовых жыхароў і работнікаў гаспадаркі. Да вяскоўцаў прыязджалі начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі АУС Дзятлаўскага райвыканкама С. А. Шундрык і ўчастковы інспектар міліцыі, які абслугоўвае гэты адміністрацыйны ўчастак, Д. А. Дзьякаў.

Прадстаўнікі органаў аховы правапарадку нагадалі аб тым, як зрабіць жыццё мясцовага насельніцтва больш бяспечным. Вядома ж, як патлумачыў участковы інспектар міліцыі, у першую чаргу варта задумвацца аб уласных дзеяннях, ці не вядуць яны да бяды. Па-другое, варта быць уважлівымі да тых, хто знаходзіцца побач. Дзеці, састарэлыя бацькі, адзінокія суседзі не павінны заставацца без клопату і ўвагі, Абыякавасць і раўнадушша часта становяцца асноўнымі прычынамі бяды.

Д. А. Дзьякаў абслугоўвае гэты адміністрацыйны ўчастак з красавіка 2016 года. За гэты час паспеў упэўніцца, што даручаная яму тэрыторыя адносна спакойная. Як і ў іншых рэгіёнах, тут здараюцца правапарушэнні. Адна з галоўных праблемаў — ужыванне і рэалізацыя сурагатнай алкагольнай прадукцыі. Ужо ў студзені 2017 года ад злоўжывання алкаголем тут памерла жанчына. Каб пазбегнуць падобнай бяды, участковы звярнуўся да насельніцтва з просьбай паведамляць аб фактах продажу самагону і сурагатнага алкаголю ў міліцыю. Папрасіў грамадзян ніколі не праходзіць міма, калі бачаць чалавека, які ляжыць на дарозе. Нераўнадушныя адносіны могуць выратаваць чыё-небудзь жыццё. Варта звяртацца па дапамогу да праваахоўнікаў і ў тым выпадку, калі сям'і не дае спакою хатні скандаліст. Участковы інспектар міліцыі паабяцаў дапамагаць у вырашэнні праблем.

— Міліцыянер для вяскоўцаў — памочнік у бядзе, — такімі словамі пачаў размову з прысутнымі начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі АУС Дзятлаўскага райвыканкама С. А. Шундрык, — а веска, аграгарадок — гэта ваш дом. Толькі сумеснымі намаганнямі вяскоўцы і праваахоўнікі могуць навесці тут парадак.

Сяргей Аркадзьевіч зазначыў, што, акрамя праблемы п'янства, для невялікіх населеных пунктаў характэрна праблема крадзяжоў маемасці, у тым ліку з нежылых дамоў. Таму вяскоўцы павінны стаць больш абачлівымі. Варта паклапаціцца аб захаванасці сваёй маёмасці, замыкаць і хату, і гаспадарчыя пабудовы, нават калі вырашылі схадзіць да суседкі або на агарод. Паклапаціцца варта і аб спецыяльных замыкаючых прыстасаваннях для веласіпедаў, якія ў вёсцы з'яўляюцца самым папулярным і дастугіным відам транспарту.

Таксама не варта верыць незнаемым людзям, якія прапаноўваюць памяняць грошы, набыць тавары, прадстаўляюцца работнікамі розных службаў. Цыганы і наогул могуць папрасіць таблетку або вады, а ў той час, пакуль гаспадар выконвае просьбу, скрадуць усе яго зберажэнні. Пра махляроў варта адразу ж паведамляць у міліцыю па нумары 102, як толькі яны з'явіліся ў вёсцы.
Абачлівасць і своечасовае паведамленне абароняць усіх жыхароў вёскі ад падману і непрыемнасцяў.

Не варта грэбаваць правіламі дарожнага руху і выкарыстаннем святлоадлюстроўваючых элементаў. У цёмны час сутак на неасветленых вясковых дарогах яны — першыя абаронцы пешаходаў і веласіпедыстаў. Гэтыя простыя ісціны таксама варта данесці да дзяцей і пажылых людзей як да найменш абароненых слаёў насельніцтва.

Пасля выступленняў прысутныя змаглі задаць свае прытанні праваахоўнікам, а некаторыя засталіся, каб пагутарыць з імі асабіста.

Карэспандэнтка газеты "Перамога" вырашыла даведацца, наколькі плённа ўчастковы інспектар міліцыі супрацоўнічае з кіраўніцтвам гаспадаркі. На гэта пытанне адказаў часова выконваючы абавязкі дырэктара КСУП "Русь-Агра" Сяргей Уладзіміравіч Лупач:
— Як толькі Дзяніс Алегавіч Дзьякаў прыйшоў працаваць на наш адміністрацыйны ўчастак, мы знайшлі з ім агульную мову. Асабліва цесна з участковым інспектарам міліцыі даводзіцца супрацоўнічаць нашаму спецыялісту па ідэалогіі. Па тэлефонным званку участковы адразу прыязджае. Ведаю, што некалькі разоў даводзілася тэлефанаваць яму сярод ночы і ў выхадны. Ён прымаў адпаведныя рашэнні па зваротах. Наогул, за час нашага супрацоўніцтва ні адна просьба, ні адзін зварот не засталіся неразгледжанымі. Работай участковага мы задаволены поўнасцю.

Toe ж карэспандэнтка пачула і ад мясцовых жыхароў, якія прынялі ўдзел у сходзе, некаторыя нават прапаноўвалі аб'явіць участковаму інспектару міліцыі падзяку за службу.

Д. СКВАРЧЫНСКІ, першы намеснік начальніка АУС Дзятлаўскага райвыканкама
I. СТЫРНІК, карэспандэнтка газеты

Ответить

CAPTCHA
Этот вопрос задается для проверки того, не является ли обратная сторона программой-роботом (для предотвращения попыток автоматической регистрации).

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/