ВОЛЬГА БАРОДЗІЧ: ЗАХОЎВАЙЦЕ СЯМЕЙНАЕ ЦЯПЛО

Колькі шлюбаў было зарэгістравана ў 2016 годзе? Колькі нарадзілася дзетак? Якія імёны найчасцей ім давалі? На гэтыя і іншыя лытанні адказала начальнік аддзела ЗАГС Дзятлаўскага райвыканкама Вольга Бародзіч.

— Ці шмат пар у Дзятлаўскім раёне ў 2016 годзе захацелі афіцыйна аформіць свае адносіны?
— Усяго летась пабраліся шлюбам 133 пары, з іх большасць, 102, — у аддзеле ЗАГС Дзятлаўскага райвыканкама. У сельскай мясцовасці найбольш зарэгістраваных актавых запісаў па шлюбах у Жукоўшчынскім, 12, і Казлоўшчынскім, 8, сельвыканкамах.

— Цікава, а кахаць здольныя ў любым узросце?
— Сярэдні ўзрост нявестаў — 26 гадоў, а жаніхоў — 29. Летась самай маладой нявесце яшчэ не споўнілася 18 гадоў, а двум жаніхам і двум нявестам было больш за 60.

— Вольга Вацлаваўна, мяркую, многім будзе цікава, колькі ж дзетак нарадзілася ў мінулым годзе?
— У раёне зарэгістравана нараджэнне 222 немаўлят. 3 іх 121 хлопчык і 101 дзяўчынка.

— Ці былі двойнi, тройні?
— Тройняў у мінулым годзе не нарадзілася, а вось двайное шчасце з'явілася ў адной сям'і.

— Пэўна, найбольш першынцаў?
— Не, найбольш дзетак нарадзіліся другімі ў сям'і — 91, першынцаў было 79. А вось у шасці сем'ях нарадзілася нават па пятым дзіцяці.

— Цікава, а бацькі - усе беларусы?
— Трое татаў былі з Латвіі, Расіі і Украіны, а вось матуляў-іншаземак — 7: адна грузінка, дзве расіянкі і тры ўкраінкі.

— У якім узросце найчасцей станавіліся бацькамі?
— Калі падлічыць сярэдні ўзрост, то для матуляў гэта — 27 гадоў, а для татаў — 30. Самай маладой маме было менш за 18 гадоў, а самаму маладому тату — 18.

— Пэўна ж, бацькамі станавіліся і людзі больш сталага ўзросту?
— Так, сем жанчын сталі матулямі пасля 40 гадоў, а двум татам было больш за 50.

— Цікава, як часцей за ўсё называлі дзетак у 2016 годзе?
— Самымі папулярнымі імёнамі для дзяўчынак сталі Дар'я, Валерыя, Ксенія, а для хлопчыкаў — Максім, Арцём, Аляксандр.

— А ці выбіралі бацькі для сваіх немаўлятак якія-небудзь рэдкія імены?
— Толькі па адным разе ў 2016 годзе дзяўчынак называлі Агнэшка, Варвара, Ева, Юра, Эльвіра, Яна, а хлопчыкаў — Артур, Уладзімір, Даніла, Міраслаў, Назар, Алег.

— Што пажадаеце і маладажонам, і бацькам у 2017 годзе?
— Захоўваць сямейнае цяпло, любіць адзін аднаго, дарыць пяшчоту. I няхай дзеткі радуюць бацькоў, растуць здаровымі і разумнымі.

Гутарыла С. ГРЫШЫНА

Ответить

CAPTCHA
Этот вопрос задается для проверки того, не является ли обратная сторона программой-роботом (для предотвращения попыток автоматической регистрации).

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/