Іван Козел: Ваколіцы Мінска

Мастацкая галерэя Беларт запрашае на выставу жывапісу Івана Козела “Ваколіцы Мінска”, адкрыццё якой адбудзецца а 17-й гадзіне 3 мая 2017 г. па адрасе: г. Мінск, вул. К. Маркса, 4. Уваход вольны.

Выстава будзе працаваць 3 - 18 мая 2017 г. штодня, акрамя нядзелі, з 11.00 да 20.00.
На выставе Иван Козел прадстаўляе жывапісныя працы 1998-2017 гадоў, прысвечаныя архітэктурным і прыродным ландшафтам Міншчыны.

З артыкула кандытата мастацтвазнаўства Галіны Горавой:
“ … стрыманасць палітры і праца з вялікімі колеравымі адносінамі складаюць аснову творчай манеры Івана Козела. Напэўна, дзякуючы гэтай індывідуальнай рысе надзвычай плённым было творчае судакрананне маладога жывапісца з асобай і метадалагічным прынцыпам М. Савіцкага – “пісаць не побыт, а быццё”, адбіраць і супастаўляць элементы мастацкай формы, ніколі слепа не пераймаць прыроду і не капіраваць натуру. Паводле гэтай жывапіснай прэамбулы, мінімізацыя сродкаў твора не даніна экспрэсіянізму, а метад дасягнення адпаведнасці формы зместу…

… Сюжэтна-тэматычныя прыярытэты жывапісу Івана Козела вызначаны паэтыкай натуральнага шматаблічнага жыцця прыроды, вечнай ідэяй гарманічнага суіснавання чалавека і яго асяроддзя… сціплыя, пазбаўленыя знешняй эфектнасці архітэктурна-ландшафтныя віды прасякнуты элегічнымі нотамі. Тут прыметы нацыянальнага прыроднага і архітэктурнага асяроддзя, а таксама пазнавальны, прыглушаны і стрыманы каларыт беларускага ландшафту далучаюць гледача да павольнага і шчырага аўтарскага маналогу…
… Апора на пленэрную практыку дазваляе жывапісцу дакладна перадаваць танальныя адносіны натуры; шматлікія штудыі спрыяюць пераканаўчай характарыстыцы стану прыроды…

… Нацыянальная мастацкая традыцыя настолькі адчувальная у пейзажах Івана Козела, што цяжка пераадолець спакусу разглядаць яго творчасць “як люстэрка” пейзажнага жывапісу Беларусі…”

Козел Iван Мiкалаевіч нарадзiўся 29.04.1962 у в. Нёўда Навагрудскага р-на, Гродзенскай вобл.
У 1996 - скончыў Беларускую Акадэмiю мастацтваў, аддзяленне жывапiсу. Выкладчыкi: М.В. Данцыг, А. А. Марачкiн.
1997-2000 – стажыраваўся ў творчых Акадэмiчных майстэрнях Мiнiстэрства культуры Рэспублiкi Беларусь, кiраўнiк М.А.Савiцкi.
Працуе ў розных жанрах станковага жывапiсу, пераважна ў пейзажы.
Член Беларускага саюза мастакоў з 1999 г.
З 2001 – выкладае ў гiмназii-каледжы мастацтваў I.В.Ахрэмчыка.
З 1989 – пастаянны удзельнiк рэспублiканскiх i мiжнародных мастацкiх выставак (усяго больш за 50):
1997- мiжнародны пленэр мастакоў СНГ г. Бiшкек, Кыргыстан.
1998 – фестываль «Творчество молодых» г. Масква.
2001 – Рэспубліканская мастацкая выстава “Беларусь – ІІІ тысячагоддзю”
2008 – I-ая Рэспублiканская бiенале жывапісу, графiкi i скульптуры, прысвечаная 70-годдзю Беларускага саюза мастакоў, г. Мiнск.
2008 –III-цi мiжнародны фестываль пейзажа прысвечанага В.К.Цвiрко. ННБ г. Мінск.
2010 – II-ая Беларуская бiенале жывапісу, графiкi i скульптуры, г.Мiнск.
2012 – II-гi фэст Беларускага духоўнага мастацтва, г.Мiнск.
2012 – Рэспубліканская мастацкая выстаўка “Ад Менска да Мінска”
2013 – мастацкая выстава «Праект»
2014 - IV Беларуская бiенале жывапісу, графiкi i скульптуры “Формазмест – 703” г. Мiнск.
2015 – мастацкая выстаўка “Лабірынт-2”
2016 – Рэспубліканская мастацкая выстаўка “Князь Альгерд у выяленчым мастацтве”
2016 – міжнародны пленэр “Русская Атлантида”, г. Аляксандраў Уладзімірскай вобл., Расія.
2016 – V біенале жывапісу, графікі і скульптуры “Бі-5”
2016 – Рэспубліканская выстаўка да ХХІІ з`езду БСМ.

Персанальныя выставы:

1995 – Дзятлаўскi музей народнай славы.
2001 – музей гiсторыi беларускага кiно, галерэя «LaSandr» г.Мiнск.
2003 – Дзятлаўскi гiсторыка-краязнаўчы музей.
2003 – музей гiсторыi беларускага кiно, галерэя «ONIK», г. Мiнск.
2010 – Дом-музей А.Мiцкевiча , г.Навагрудак.
2012 – Палац мастацтваў, г. Мінск (да 50-годдзя з дня нараджэння мастака)
2012 – Дзятлаўскі гісторыка-краязнаўчы музей “Родная старонка”
2013 – “Пейзажы Беларусі”. Пад час правядзення ХІІІ свята музыкі “Заслаўе-2013”

Творы знаходзяцца ў гісторыка-культурным музеі-запаведніку “Заслаўе”, Доме-музеi А. Мiцкевiча ў Навагрудку, лiтаратурным музеi М.Багдановiча ў Мiнску, Дзятлаускiм гiсторыка-краязнаўчым музеi, Крычаўскiм гiстарычным музеi, прыватных зборах Беларусi, Расіі, ЗША і інш.

Ответить

CAPTCHA
Этот вопрос задается для проверки того, не является ли обратная сторона программой-роботом (для предотвращения попыток автоматической регистрации).

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/