ЛЮДЗЯМ ПРАЦЫ ПРЫСВЯЧАЕЦЦА

Нядаўна ў Круцілавіцкім дзіцячым садзе-сярэдняй школе адкрылася новая экспазіцыя школьнага музея. Яна прысвечана развіццю сельскай гаспадаркі ў мікрараёне навучальнай установы.

На ўрачыстае адкрыццё былі запрошаны ветэраны працы сельскай галіны, перадавікі вытворчасці, прадстаўнікі іх сем'яў, цяперашнія работнікі СВК "Граніт-Агра". Прысутнічалі на ўрачыстасці і старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Фёдаравіч Казак, кіраўнік спраў Данілавіцкага сельскага выканкама Галіна Генадзьеўна Дворык.

Чырвоную стужку перад уваходам у школьны музей перарэзалі старшыня СВК "Граніт-Агра" Станіслаў Станіслававіч Мазур, ветэран працы, былы дэпутат Вярхоўнага Савета БССР Іван Віктаравіч Лазовік, былы кіраўнік калгаса "Гвардыя" Расціслаў Пятровіч Літавар.

У час сустрэчы ветэраны працы дзяліліся сваімі ўспамінамі, поглядамі на сучаснасць. Адзін з удзельнікаў мерапрыемства — Станіслаў Валяр'янавіч Лычкоўскі — выканаў вядомую песню Марка Бернэса "Жураўлі", прысвяціў яе тым, каго ўжо няма побач. Іх памяць была ўшанавана хвілінай маўчання.

Перадавікі вытворчасці ў час мерапрыемства былі ўзнагароджаны Памятнымі медалямі. Таксама за значны уклад у развіццё сельскагаспадарчай вытворчасці памятныя медалі атрымалі старшыні Станіслаў Валяр'янавіч Лычкоўскі, Сямён Уладзіміравіч Макарэвіч, Станіслаў Станіслававіч Мазур.

Як патлумачыў адказны за работу школьнага музея Круцілавіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы Сяргей Віктаравіч Каско, работа над экспазіцыяй вялася працяглы час. Значную дапамогу ў краязнаўчым пошуку і адкрыцці экспазіцыі аказалі старшыня СВК "Граніт-Агра" Станіслаў Станіслававіч Мазур, настаўнікі-пенсіянеры, ветэраны педагагічнай працы Ганна Уладзіміраўна Чабоцька, Раіса Іванаўна Рысюк, мясцовая жыхарка Ганна Антонаўна Жых. Усе яны былі ўзнагароджаны дыпломамі ад навучальнай установы.

Што ўяўляе сабой новая экспазіцыя школьнага музея? Якія раздзелы яе складаюць? Аб гэтым карэспандэнтцы газеты расказаў С.В. Каско:
— На фотаздымках, якія змешчаны ў экспазіцыі, адлюстравана гісторыя сельскай гаспадаркі нашага мікрараёна. Некалі тут налічваўся 21 калгас, затым яны былі рэарганізаваны ў чатыры; затым — у тры. Потым быў створаны адзін калгас — "Гвардыя". Новы віток гісторыі — гэта ўжо жыццё СВК "Граніт-Агра".

На фотаздымках адлюстраваны звычайныя працоўныя будні калгаснікаў. На адным са стэндаў — партрэты тагачасных перадавікоў працы. Многія з іх былі адзначаны самымі высокімі ўзнагародамі. У гэтым спісе — Любоў Іосіфаўна Малько, Валянціна Паўлаўна Кардаш, Іосіф Сцяпанавіч Ціхановіч, Валянціна Васільеўна Жэгала, Іван Віктаравіч Лазовік, Надзея Мікалаеўна Максімчык, Вера Віктараўна Калач, Соф'я Іванаўна Сяргейчык, Сямён Сяргеевіч Ляшэвіч, Марыя Іванаўна Баброўская, Пётр Іванавіч Пісарук, Расціслаў Пятровіч Літавар, Фаіна Маркаўна Баброўская, Багдан Уладзіміравіч Лаўрушчык, Зінаіда Ігнацьеўна Сёмуха, Анатоль Аляксандравіч Аблажэй.

Наведвальнікі музея даведаюцца і аб працоўных дынастыях. У ліку іх — сям'я Гукішаў. Пачынаў дынастыю Эдуард Людвігавіч Гукіш, які працаваў кавалём у калгасе. Добрым працаўніком быў і Іван Эдуардавіч Гукіш. Цяпер працоўную дынастыю працягвае Уладзімір Іванавіч Гукіш, адзін з лепшых камбайнераў СВК "Граніт-Агра", Дзятлаўшчыны і нават рэспублікі ў цэлым.

Сярод экспанатаў музея — шэраг узнагародаў, якімі адзначалася праца тагачасных передавікоў. Гэта і ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэн "Знак пашаны", ордэн Працоўнай Славы.

Адзін з раздзелаў экспазіцыі прысвечаны тагачасным кіраўнікам калгасаў, якія размяшчаліся на тэрыторыі нашага мікрараёна. У ліку іх — імя Канстанціна Львовіча Юдэнкі, які з'яўляўся яшчэ і ветэранам Вялікай Айчыннай вайны. Значны уклад у развіццё сельскай гаспадаркі ўнёс Расціслаў Пятровіч Літавар.

Увогуле, на гэтых чорна-белых фотаздымках адлюстравана цэлая эпоха. Людзі, якія стваралі яе, пражылі цікавае, насычанае жыццё. Яны — прыклад для нас, сучаснікаў. Іх імёны не павінны быць забыты. I таму галоўная мэта экспазіцыі, якая будзе папаўняцца, — захаваць памяць пра іх, ушанаваць герояў працы.

А. ГОМАН

Ответить

CAPTCHA
Этот вопрос задается для проверки того, не является ли обратная сторона программой-роботом (для предотвращения попыток автоматической регистрации).

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/