"НАВАЕЛЬНЯНСКІЯ ТРУБАЧЫ": ПАЦВЕРДЗІМ ЗВАННЕ!

Музыка, як і іншыя віды мастацтва, пакараецца не кожнаму. Шмат гадоў з музыкай звязаны жыццё і прафесія Дзяніса Аляксандравіча Клімовіча — дырэктара Наваельнянскай дзіцячай школы мастацтваў, педагога дадатковай адукацыі Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі горада Дзятлава, кіраўніка ўзорнага духавога аркестра "Наваельнянскія трубачы". Дарэчы, цяпер аркестр актыўна рыхтуецца да пацвярджэння звання "ўзорны".

Карэспандэнтка газеты "Перамога" вырашыла даведацца, ці легка сёння быць прафесіяналамі ў сферы адукацыі, з якімі цяжкасцямі сутыкаюцца выканаўцы, наколькі ў наш час запатрабавана духавая музыка ўзорнага аркестра.

— Дзяніс Аляксандравіч, раскажыце? як вы сталі кіраўніком аркестра?
— 3 дзяцінства я ведаў, што стану музыкам. Родам я з Ліды, там пачаў займацца ў музычнай школе па класе барытона, таксама асвоіў баян, фартэпіяна, трамбон. Там жа скончыў музычны каледж, быў удзельнікам Лідскага гарадскога аркестра. У верасні 2006 года мне прапанавалі пераехаць на Дзятлаўшчыну і стаць кіраўніком зводнага Наваельнянскага аркестра.

— Ці складана было пачынаць?
— Мяркую, пачынаць штосьці новае і сур'ёзнае заўсёды складана. Для мяне напачатку складана было працаваць з дзецьмі, бо раней такой практыкі не было, аднак даволі хутка мы знайшлі, як кажуць, агульную мову.

— 3 якімі цяжкасцямі ў рабоце даводзі-цца сутыкацца цяпер ?
— Самае галоўнае ў рабоце кіраўніка дзіцячага калектыву — зацікавіць дзяцей музыкай, прывіць ім любоў да творчасці, матываваць на выніковую работу. У наш час складана "адарваць" школьніка ад камп'ютара, каб у вольны час замест віртуальных гульняў ён асвойваў ігру на музычным інструменце. Мая задача як педагога, мастацкага кіраўніка узорнага духавога аркестра "Наваельнянскія трубачы" клапаціцца, каб наш калектыў быў у поўным складзе, працаздольны, папулярны ў гледачоў. Для гэтага неабходна, каб яго ўдзельнікі сур'ёзна адносіліся да заняткаў, не прапускалі рэпетыцыі. Паколькі дзеці растуць, у калектыў даводзіцца набіраць новых выканаўцаў. Знайсці жадаючых дапамагаюць педагогі агульнаадукацыйнай школы, класныя кіраўнікі.

— Ці проста дзецям трапіць у ваш калектыў?
— Цяпер жадаючых займацца ў духавым аркестры не вельмі шмат. Таму пры наборы аддаём перавагу тым дзецям, у якіх ёсць трывалае жадане працаваць, не прапускаць заняткі. Выпрацоўка неабходных навыкаў — гэта ўжо справа часу. На сёння склад "Наваельнянскіх трубачоў" — 20 чалавек. Асноўныя інструменты — труба, барытон, бас, ударныя. Пры жаданні навучыцца іграць на іх можа любы. Спачатку з дзецьмі займаемся індывідуальнf. Паўгода проста асвойваем інструмент. Другое паўгоддзе вывучаем партыі. Затым праводзяцца групавыя заняткі і нарэшце — зводныя.

— Як сумяшчаеце работу арганізатара b творчасць?
— Складана сумяшчаць, бо на ўсё патрэбен час. Аднак разам са мной працуе яшчэ адзін педагог дадатковай адукацыі Сяргей Сямёнавіч Майсюк. Сярод удзельнікаў аркестра ёсць тыя, на каго можна поўнасцю разлічваць — Раман Раманюк, Аляксандр Журко, Віталь Улога, Раман Лебедзь, Уладзіслаў Майсюк, Ілья Халадкоў.

— Які ў аркестра рэпертуар?
— Разнастайны. Мы іграем не толькі традыцыйныя маршы і вальсы, уключылі ў свой рэпертуар і больш сучасныя творы. Напрыклад, выконваем папуры "Песняроў", музычныя кампазіцыі з рэпертуара шведскай рок-групы "Europe", брытанскай рок-групы "Queen".

— Як yсnрымае вашы выступленні публіка?
- Яшчэ некалькі гадоў таму яе ўвагу заваяваць было вельмі складана. Апошнім часам жывая музыка набірае ўсё большую папулярнасць, і гэта адчуваецца па колькасці заявак-запрашэнняў. Нас цёпла сустракаюць на раённых святах, асабліва цікавяцца і радуюцца дзеці. Наш аркестр — часты госць санаторыя "Радон", дзе адпачывальнікі не менш цёпла адносяцца да нашых выступленняў. Асабліва людзям падабаюцца нашы дэфіле. Гэта складаная, але прыгожая форма выступлення. Упершыню аркестр пачаў яе выкарыстоўваць яшчэ з папярэднім мастацкім кіраўніком. На дапамогу тады запрашалі харэографа з Баранавічаў. Цяпер дэфіле выкарыстоўваем больш актыўна, іх праграма разлічана на паўгадзіны. Праблема толькі ў тым, што часта мяняюцца дзеці. Стаўлю праграму я сам ужо без дапамогі спецыялістаў. Безумоўна, дэфіле — гэта складаная форма выступлення, на падрыхтоўку якой траціцца шмат часу і сілаў, аднак мы павінны развівацца і прывабліваць гледачоў.

— Адкуль чэрпаеце новыя ідэі і веды?
— У асноўным — з Інтэрнэту. Шмат партытураў і тэматычнай літаратуры нядаўна нам перадаў інстытут ваенных дырыжораў.

— Дзяніс Аляксандравіч, якія ў вас творчыя планы?
— Сёлета ў калектыў паступілі 13 новых дзяцей, і займацца з імі давядзецца з самага пачатку, з "азоў". Таксама плануем ставіць новыя дэфіле і здзіўляць гледачоў. Апошнім часам актыўна рыхтуемся да пацвярджэння звання "ўзорны". Для гэтага нам трэба выступіць з праграмай, разлічанай на паўгадзіны.

Гутарыла I. КАУКЕЛЬ

Ответить

CAPTCHA
Этот вопрос задается для проверки того, не является ли обратная сторона программой-роботом (для предотвращения попыток автоматической регистрации).

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/