В. БАГДЗЕВІЧ: "У ЛЕСЕ БЕЗ ЛЮДЗЕЙ НE АБЫСЦІСЯ"

На Дзятлаўшчыне багата працаўнікоў, якія ўсё свае жыццё прысвяцілі абранай справе, не здрадзіўшы ей ні на імгненне.
З ліку такіх людзей - інжынер-лесапатолаг дзяржаўнай лесагаспадарчай установы "Дзятлаўскі лясгас" Войцех Мар'янавіч Багдзевіч.
Лясному работніку, узнагароджанаму нагрудным знакам Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь "30 гадоў бездакорнай службы ў дзяржаўнай лясной ахове Рэспублікі Беларусь", ёсць што расказаць чытачам газеты.

Аб жыццёвым выбары

Войцех Мар'янавіч Багдзевіч — ураджэнец Шчучынскага раёна. Яго дзяцінства і юнацкія гады прайшлі ў вёсачцы Шкордзь у Васілішкаўскім сельсавеце. Па заканчэнні школы выпускнік паступаў у вышэйшую навучальную ўстанову па сельскагаспадарчай спецыяльнасці, але ў апошні момант перадумаў, вырашыў падаваць дакументы ў тагачасны Беларускі дзяржаўны тэхналагічны інстытут імя Кірава на спецыяльнасць "Лясная гаспадарка", які паспяхова закончыў у 1973 годзе. Войцех Мар'янавіч Багдзевіч лічыць, што гэта быў шчаслівы выпадак:
— Hi разу ў жыцці за дзясяткі гадоў працы не пашкадаваў, што стаў не сельскагаспадарчым, а лясным работнікам, — кажа мужчына. — Не заўсёды атрымліваецца так, як мы жадаем, але гэта таксама да лепшага.

Быццам у пацвярджэнне гэтых словаў — працоўная біяграфія Войцеха Мар'янавіча. Атрымаўшы вышэйшую адукацыю, малады інжынер лясной гаспадаркі некаторы час працаваў на радзіме, у Жалудоцкім лясніцтве, а пасля тэрміновай службы ў войску быў размеркаваны лесагаспадарчым аб'яднаннем у новыя мясціны, на Дзятлаўшчыну.

— Вядома, хацелася працаваць бліжэй да дому, каб дапамагаць маці, — згадвае інжынер, — але, з іншага боку, мне, маладому ды нежанатаму, былі адкрыты ўсе дарогі.

Так склалася, што, калі малады спецыяліст уладкоўваўся на працу ў Дзятлаўскі лясгас, тут былі ажно тры вольныя інжынерныя пасады. Акурат у гэты ж час у лясную гаспадарку раёна прыйшоў працаваць Валерый Цімафеевіч Панічаў, які ў далейшым доўгі час плённа працаваў на Дзятлаўшчыне паляваннезнаўцам. Сам Войцех Мар'янавіч быў прызначаны інжынерам лясной гаспадаркі.

Шаснаццаць гадоў Войцех Мар'янавіч Багдзевіч працаваў на гэтым месцы, а калі прапанавалі пасаду галоўнага ляснічага — заняў гэты адказны пост і на працягу двух дзесяцігоддзяў годна спраўляўся са сваімі абавязкамі. Нават па выхадзе на заслужаны адпачынак ён не развітаўся з лясной гаспадаркай раёна, сёння ён працуе тут інжынерам-лесапатолагам.

За шматгадовую пленную працу на карысць лясной гаспадаркі Дзятлаўшчыны Войцех Мар'янавіч Багдзевіч неаднаразова адзначаўся высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі, сярод якіх — нагрудны знак Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь "30 гадоў бездакорнай службы ў дзяржаўнай лясной ахове Рэспублікі Беларусь". Аднак самая галоўная ўзнагарода для яго — шчырае задавальненне ад працы.

Аб настаўніках і маладым пакаленні

У кожнага з нас працоўны шлях пачынаецца па-рознаму: адным першыя крокі ў прафесіі даюцца надзвычай складана, другія — упэўнена арыентуюцца ў ёй. Праца ніколі не бывае лёгкай, але заўжды ёсць калегі па працы, якія дапамогуць асвоіць асновы справы на практыцы і не падвядуць у складанай сітуацыі. Сярод тых, з кім рады быў працаваць і каму ўдзячны за падтрымку, Войцех Мар'янавіч Багдзевіч называе тагачаснага дырэктара Дзятлаўскага лясгаса Васіля Трафімавіча Бондара, галоўнага ляснічага Івана Прохаравіча Чэчата, інжынера па перапрацоўцы лесу Івана Георгіевіча Жука, інжынера па ахове лесу Станіслава Ігнатавіча Шэршаня. Прайшлі дзясяткі гадоў, а Войцех Мар'янавіч помніць першыя каштоўныя ўрокі, якія тады атрымаў. Галоўны з іх — быць адказным за даручаны ўчастак працы, працаваць з душой, выконваць пастаўленыя задачы, берагчы і пільна ахоўваць лясную гаспадарку раёна.

Сёння калектыў Дзятлаўскага лясгаса моцна памаладзеў: на змену вопытным прадстаўнікам старэйшага пакалення прыйшла маладая перспектыўная змена.

— Маладыя работнікі лясной гаспадаркі - адукаваныя, мэтанакіраваныя, яны паспяхова спраўляюцца з давераным ім участкам працы, — заўважае мой суразмоўца. — Але нават не гэта самае галоўнае. У лясной гаспадарцы паспяхова могуць працаваць толькі тыя, хто шчыра любіць лес і сваю справу. Нездарма ж у Дзятлаўскім лясгасе працуюць доўгі час, у нас багата працоўных дынастый.

Аб лясах Дзятлаўшчыны

Па словах вопытнага ляснога работніка, адно з галоўных прыродных багаццяў Дзятлаўшчыны — гэта яе лясы. Наш раён — другі ў вобласці пасля Астравецкага па плошчы лясных тэрыторый. Па берагах Шчары і Немана размясціліся цэлыя лясныя масівы, якія ствараюць непаўторныя маляўнічыя краявіды. Мала які падарожнік, праязджаючы па нашай зямлі, не захоча спыніцца і акінуць вокам навакольную прыгажосць.

— Каля 70% нашых лясоў — асабліва каштоўныя хвойныя пароды, — кажа спецыяліст. — Адсюль і спрыяльная экалагічная сітуацыя ў раёне. Нездарма ж менавіта ў нас пабудаваны і функцыянуюць два санаторыі. Растуць у нас і лісцёвыя пароды дрэваў — клёны, дубы, бярозы, — але з-за бедных глебаў яны саступаюуь па колькасці і шчыльнасці хвойнікам.

Аб навацыях і людзях

Час не стаіць на месцы, мяняецца і падыход да вядзення лясной гаспадаркі. Сёння на Дзятлаўшчыне добра замацоўваецца фінскі метад вядзення лясной гаспадаркі, а ручную працу вальшчыкаў лесу замяняюць сучасныя машыны. Магутны комплекс харвэстар-фарвардар, якім кіруюць два спецыялісты, можа выканаць вялікі аб'ём працы. Сёння ідзе размова аб пераводзе да 70% нарыхтоўкі драўніны на аўтаматызаваны спосаб: уручную такі аб'ём работ выканаць немагчыма.

— Аднак роля чалавека па-ранейшаму застаецца важнай у лясной гаспадарцы, і гэта тэндэнцыя не зменіцца яшчэ доўгі час, — запэўнівае Войцех Мар'янавіч. — У лесе без людзей не абысціся.

Па словах вопытнага работніка лясной аховы, у пераважнай большасці людзі беражліва ставяцца да ляснога фонду. Ёсць шэраг работ, якія механізмы проста не могуць выканаць: гэта праполка ў гадавальніках, догляд маладых саджанцаў, высечкі догляду. I калі тэхніка можа заўважыць лясны пажар, то тушыць яго на месцы ўсе адно належыць чалавеку.

— Мы жывём у сельскай мясцовасці, дзе лес — зусім побач, — кажа Войцех Мар'янавіч. — Дзятлаўчане з дзяцінства ведаюць грыбныя і ягадныя сцяжыны, паважліва адносяцца да багаццяў прыроды.

Тых, хто сумняваецца, да дысцыпліны стымулююць устаноўленыя не так даўно ў лясах раёна фотапасткі. Аднак тут, як і паўсюль, здараюцца выключэнні. Па-ранейшаму, самым распаўсюджаным парушэннем ляснога заканадаўства з'яўляецца выкідванне бытавога смецця ў неналежных месцах, асабліва пры дарозе.

Аб дні сённняшнім

Войцех Мар'янавіч Багдзевіч прысвяціў лясной гаспадарцы ўсё сваё жыццё. І сёння ён працягвае аддаваць любімай справе энергію і сілы. Цяпер ён працуе тут у якасці інжынера-лесапатолага.

— Мая прафесія падобна да ляснога доктара, — тлумачыць спецыяліст. — Маімі задачамі з'яўляюцца вывучэнне ўсіх лясоў, выяўленне шкоднікаў і неспрыяльнага ўплыву на дрэвы надвор'я і клімату, пастаноўка насаджэнняў на ўлік, прафілактычныя мерапрыемствы. Цяпер мы вырошчваем пасадачны матэрыял, загадзя апрацаваны ад шкоднікаў і хваробаў, але нават пасля яго высадкі ў грунт не перастаём даглядаць дрэўцы. Самае галоўнае для мяне як інжынера-лесапатолага — не дапусціць масавага распаўсюджання негатыўных з'яваў у лясным фондзе.

Аб сям'і і Новым годзе

Новы год і Каляды — час, калі прадукцыя лясной гаспадаркі асабліва запатрабавана. Амаль кожная сям'я хоча прыдбаць сабе у дом ці кватэру навагодняе дрэўца, продаж якіх ужо актыўна вядзе Дзятлаўскі лясгас, а на плошчы свеціцца агнямі галоўная ёлка раёна, прывезеная з ляснога фонду Дзятлаўшчыны.

У сям'і Войцеха Мар'янавіча таксама ёсць традыцыі, звязаныя з навагоднімі святамі. У гэтыя дні ў іх дом прыязджаюць дачка, сын, унукі, абавязкова ўсталёўваюць і ўпрыгожваюць ёлку (як ні дзіўна, у сям'і Багдзевічаў навагодняе дрэўца штучнае), загадваюць жаданні на наступны год і абменьваюцца падарункамі. 3 нагоды ўжо зусім блізкага Новага года адзін з самых заслужаных лясных работнікаў, які і сёння ў страі, адрасуе дзятлаучанам святочныя пажаданні:
— Жадаю ўсім жыхарам раёна і работнікам лясной гаспадаркі добрага настрою, поспехаў ва ўсіх пачынаннях і святочных цудаў.

Н. АВЯРЧУК

Ответить

CAPTCHA
Этот вопрос задается для проверки того, не является ли обратная сторона программой-роботом (для предотвращения попыток автоматической регистрации).

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/