В. ГРЫШУК: "Я ЎПЭЎНЕНА ІШОЎ ДА СВАЁЙ МАРЫ"

17 лістапада 1923 года Цэнтральным адміністрацыйным упраўленнем Народнага камісарыята ўнутраных спраў РСФСР была зацверджана Інструкцыя ўчастковаму назіральніку горада. Яна заклала нарматыўную базу для стварэння і развіцця ўчастковай службы. У наш час у абавязках участковага інспектара міліцыі сканцэнтраваны амаль усе праваахоўныя функцыі органаў унутраных спраў: штодзённая работа з грамадзянамі, ахова грамадскага парадку, раскрыццё злачынстваў, супрацьдзеянне алкагалізацыі насельніцтва, разгляд заяваў і шмат іншага.

З гэтымі службовымі задачамі паспяхова спраўляецца ўчастковы інспектар міліцыі аддзела ўнутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама Віталь Іванавіч Грышук, які працуе на Казлоўшчынскім адміністрацыйным участку.
Віталь Іванавіч прызнаецца, што служыць у міліцыі марыў з дзяцінства. Яго вабіла не толькі рамантыка прафесіі праваахоўніка, але і вялікае жаданне дапамагаць людзям. Ён не любіў, калі ў яго прысутнасці крыўдзяць слабога, груба адказваюць старэйшым.
Аднак пасля заканчэння школы паступіць у Баранавіцкую школу міліцыі не атрымалася з-за сямейных абставінаў. Віталь Грышук спачатку скончыў Ваўкавыскі аграрны каледж, затым — Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт па спецыяльнасці "зоаінжынер". Па размеркаванні вярнуўся працаваць на Дзятлаўшчыну, у СВК "Лявонавічы" (пазней быў далучаны да СВК "Слава працы").
Працуючы ў сельскай гаспадарцы, малады спецыяліст не здраджваў сваёй мары, а каб быць да яе бліжэй, стаў добраахвотным дружыннікам. Гэта вымушала часта сустракацца і цесна супрацоўнічаць са старшым участковым, інспектарам міліцыі Віктарам Анатольевичам Лазутам. Да пытанняў прафілактыкі Віталь Грышук адносіўся вельмі сур'ёзна. I аднойчы правільныя і своечасовыя дзеянні добраахвотнага дружынніка дапамаглі работнікам міліцыі раскрыць крадзеж па гарачых слядах.
У адной з вёсак сельскага савета Віталь Іванавіч заўважыў незнаемы аўтамабіль з нумарамі іншага рэгіёна. На ўсялякі выладак добраахвотны дружыннік запісаў нумар машыны, запомніў яе марку і колер. Вельмі хутка высветлілася, што ў вёсцы пагаспадарылі цыганы. Дзякуючы звесткам, якія прадаставіў у міліцыю Віталь Грышук, праваахоўнікі па гарачых слядах затрымалі злодзеяў-гастралёраў і вярнулі маёмасць пацярпелым.
У 2009 годзе жыццё Віталя Іванавіча Грышука зрабіла круты паварот. На той час у Дзятлаўскі раённы аддзел унутраных спраў патрабаваліся супрацоўнікі. А каму служыць у міліцыі, як не добраахвотным дружыннікам, якія добра сябе зарэкамендавалі. Так і ажыццявілася даўняя мара Віталя Грышука.
Перад паступленнем на службу будучага праваахоўніка накіравалі на паўгода ў Мінскі вучэбны цэнтр МУС Рэспублікі Беларусь. Дысцыпліна тут была армейская: адпрацоўвалі прыёмы самаабароны, вучыліся трапна страляць, займаліся фізічнай загартоўкай, выходзілі на ахову правапарадку ў сталіцы. Віталя Іванавіча Грышука, як спецыяліста з вопытам работы на кіруючай пасадзе, назначылі камандзірам узвода. Пад яго кіраўніцтвам курсанты дасягалі значных поспехаў у вучобе і службе.
У снежні 2009 года Віталь Грышук вярнуўся на Дзятлаўшчыну з лейтэнанцкімі пагонамі і вялікім жаданнем служыць далей. Працаваць пачынаў участковым інспектарам міліцыі ў Вензавецкім сельскім савеце. Праз год быў пераведзены ў Казлоўшчынскі сельсавет, адкуль ён родам, дзе з дзяцінства ведае амаль кожнага жыхара. Тут ён працуе разам з Віктарам Анатольевичам Лазутам, якога лічыць сваім сябрам і настаўнікам. Участковыя інспектары цесна супрацоўнічаюць са старшынёй сельвыканкама, а ў мінулым таксама праваахоўнікам Вадзімам Аляксандравічам Бяляткам.
На пытанне, што самае складанае ў прафесіі ўчастковага, Віталь Іванавіч адказвае:
— Самае складанае тое, што ва ўчастковага інспектара міліцыі няма такіх паняццяў, як "выхадны дзень" і "свята". У любы час сутак, у любое надвор'е па званку вяскоўцаў я павінен з'явіцца па выклік, дапамагчы, вырашыць праблему чалавека. Аднак цяжкасці не палохаюць мяне, можна нават сказаць, што яны загартоўваюць характар, умацоўваюць волю. За ўвесь час службы я ні разу не пашкадаваў, што стаў праваахоўнікам, што дапамагаю людзям, а гэта значыць — жыццёвы шлях выбраў правільна.
Службовыя будні Віталя Грышука нельга назваць спакойнымі. Яму даводзіцца супакойваць хатніх скандалістаў, разглядаць спрэчкі паміж суседзямі, праводзіць прафілактычныя гутаркі з раней судзімымі, змагацца з незаконным вырабам і абаротам алкаголю. Часам здараюцца сітуацыі, якія патрабуюць выключнай сабранасці і прафесіяналізму.
Так, 28 лістапада 2014 года ў аператыўна-дзяжурную службу АУС Дзятлаўскага райвыканкама паступіла інфармацыя, што злачынца, які на Лідчыне ўчыніў забойства двух прадаўшчыц, будзе знаходзіцца ў дызелі. Праз 20 хвілін цягнік павінен прайсці праз станцыю Наваельня. Часу на роздум у дзяжурнага не было. Ён накіраваў у гарпасёлак нарад міліцыі ў складзе Д. А. Дзьякава, А. М. Жынко, а старшым групы, як найбольш вопытнага, назначыў Віталя Грышука.
Пакуль ехалі, разважалі, як затрымаць злачынцу так, каб не падвяргаць небяспецы іншых пасажыраў. Звязаліся з начальном станцыі і машыністам цягніка, папрасілі не адчыняць дзверы дызеля, пакуль зламыснік не будзе затрыманы. У час затрымання праявілі службовую кемлівасць і зрабілі выгляд, што просяць мужчыну прайсці для напісання адміністрацыйнага пратакола (ён курыў у тамбуры). Злачынца не супраціўляўся і да апошняй хвіліны не здагадваўся, што надоўга развітваецца з воляй. За паспяховае выкананне службовай задачы Віталь Іванавіч Грышук быў адзначаны кіраўніцтвам аддзела.
Так праходзяць будні казлоўшчынскага "Аніскіна". Ён у курсе амаль усіх праблемаў жыхароў сельскага савета. Для законапаслухмяных грамадзян Віталь Іванавіч — надзейны сябар, памочнік і дарадца. А вось злодзеі, дэбашыры, махляры і іншыя парушальнікі закона стараюцца лішні раз не трапляць на вочы участковаму інспектару міліцыі.

Ответить

CAPTCHA
Этот вопрос задается для проверки того, не является ли обратная сторона программой-роботом (для предотвращения попыток автоматической регистрации).

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/