Победителями «Витебского листопада-2015» стали барды из России и Беларуси(Александр Раевский г.Дятлово)

На працягу двух дзён, з 24 па 25 кастрычніка, віцебскія аматары творчасці бардаў мелі магчымасць атрымаць асалоду ад песень пад гітару ў цудоўнай кампаніі таленавітых выканаўцаў.

У першы дзень у канцэртнай зале «Віцебск» прайшоў канцэрт «Мелодыі лістападу». На сцэну выходзілі як віцебскія артысты, так і нашы землякі з Мінска, Баранавічаў і Гродна. У гэты вечар таксама гледачы сустракалі Алену Гудкову (Санкт-Пецярбург) і Сяргея Труханава (Масква). Разам з песнямі на свае словы гучалі мелодыі на вершы Іосіфа Бродскага, Івана Буніна і іншых паэтаў.

Падвядзенне вынікаў і фінальныя выступленні адбыліся ў Цэнтры культуры «Віцебск» у нядзелю. Наогул, галоўная падзея «Лістапада» — конкурс аўтарскай песні, у якім выступілі 20 выканаўцаў (дарэчы, на ўдзел у конкурсе падавалі заяўкі музыкі і аўтары-выканаўцы з Беларусі, Расіі, Украіны і Казахстана). Пераможцамі аб'яўлены Антон Трафімаў з расійскага горада Электрасталь, Васіль Салыга з Оршы, а таксама Аляксандр Раеўскі з Гродна.

— Шчыра скажу, што для мяне вынікі сталі прадказальнымі. Напрыклад, два гады таму быў вельмі моцны конкурс на фестывалі, але раз на раз не прыпадае. Калі казаць пра склад удзельнікаў, то, безумоўна, хацелася б, каб іх колькасць павялічвалася, а выступленні былі больш моцнымі. Галоўнае тое, што фестываль адбыўся, мы адабралі лаўрэатаў, адкрылі для сябе некалькі новых выдатных імёнаў, — адзначыў старшыня журы віцебскі бард Уладзімір Цвікі. Пасля цырымоніі ўзнагароджання прайшоў канцэрт з удзелам лаўрэатаў і гасцей музычнага свята. Гучалі песні на вершы Уладзіміра Набокава, Рыгора Барадуліна і Уладзіміра Уфлянда. Зала цудоўна рэагавала на выступленні аўтараў-выканаўцаў, асабліва на песні вядомага магілёўскага барда Аляксандра Баля.

— Я не першы раз на фестывалі, ужо даволі даўно ўдзельнічаю ў ім. На мой погляд, улічваючы цяперашнія абставіны, фестываль прайшоў даволі нядрэнна. Канешне, хацелася б, каб больш было магчымасцей запрашаць цікавых аўтараў, а таксама пашыралася творчае ўзаемадзеянне паміж разнастайнымі творцамі, — падзяліўся сваімі ўражаннямі ўдзельнік фестывалю Аляксандр Салавян.

Выходзілі людзі з залы з усмешкамі, актыўна абмяркоўвалі выступленні бардаў.

Андрэй ШЧАРБІЦКІ, студэнт ВДУ імя П.М.Машэрава. Фота аўтара.

Ответить

CAPTCHA
Этот вопрос задается для проверки того, не является ли обратная сторона программой-роботом (для предотвращения попыток автоматической регистрации).

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/