Произведения наших земляков

Вельмі пажаданна, каб у спісе нашых славутых зямлякоў, было прозвішча Ігната Дамейкі і яго успаміны: «Мае падарожжы», дзе так пранікліва апісана Дзятлава і наваколле: "З вялікім узрушаннем - забілася сэрца - праехаў праз Дзятлаў паўз прыгожы касцёл, уратаваны для каталікоў стараннем майго зяця і суседзяў».
З Жыбуртоўшчыны Дамейка паехаў да магілы дзядзькі Ігната, ягонага, пасля смерці бацькі, апекуна.
«Ён выбраў на вечны спачын для сябе хваёвы гаёк каля любімай сваёй вёскі Норцавічы. У тым ляску іх добры пан заснаваў і могілкі для сялянаў, нібы прадбачачы няшчасце і пераслед, якога мелі спадзявацца ад праваслаўя нашыя могілкі і касцёлы. «Тут мне будзе лепш, - падумаў, відаць, - бяспечней каля сумленных маіх сялянаў; яны, аберагаючы сваіх памерлых, і мяне будуць сцерагчы, а ў капліцы нічога, акрамя майго і маёй жонкі целаў, не закапаюць, нічога не застанецца, што б магло прывабіць сюды цікаўнага і хцівага непрыяцеля…
…Тут жа за вёскай і лясок, а ў ім невялікі рублены дамок на капліцу, а вакол пад хвойкамі свежыя магілы, на кожнай драўляны крыжык. Ключ ад доміка быў у аднаго з гаспадароў, які тут жа прыбег і адчыніў. Унутры - голыя сцены, часаны драўляны крыж уваткнуты ў зямлю, жвір з пяском параўняныя - нібы ўчора былі насыпаныя дзве магілы, адна з адной побач. За намі ўвайшло шмат жанчын і дзяцей, мы ўкленчылі і згаварылі пацеры…
Пасля, у нядзелю, у Дзятлаўскім парафіяльным касцёле была ўрачыстасць у гонар Найсвяцейшай Панны Зельнай - Унебаўзяцце, наймілейшае свята маіх дзіцячых успамінаў, калі спраўлялі гэтую ўрачыстасць у нашым хатнім касцёліку, у Мядзвядцы - гадоў семдзесят таму.
Ахвотна і з радасцю, нібы яшчэ быў малады, ускочыў раніцай з ложка і даўнім сваім звычаем пехатою пайшоў у Дзятлаў. Па дарозе бачыў людзей з розных вёсак, што пехатою або на невялікіх вазках кіраваліся да касцёла, а калі я ўвайшоў у касцёл, водар зёлак і кветак ды спеў парафіянаў напоўнілі мяне такім шчасцем, перанеслі мяне ў дзяцінства - нібыта я ніколі не пакідаў бацькоўскі дом.
Касцёл, нядаўна адноўлены пасля пажару, пабелены, светлы, амаль увесь быў запоўнены людзьмі, канчалі спяваць гадзінкі. Праваруч ад уваходу стаялі сяляне, мужчыны, пераважна ў белых світках, старэйшыя ўсе паголеныя, маладыя добра прычасаныя, падстрыжаныя - амаль кожны з торбачкай, у якой трымалі зерне жыта або пшаніцы з новага ўраджаю ды яблыкі; шмат хто меў кніжкі да набажэнства, заглядаючы ў якія, спявалі. Леваруч - жанчыны, старэйшыя ў чапцах, маладыя ж прыбралі галовы кветкамі, стужкамі ды прыгожымі хусткамі, кожная з вялікім букетам разнастайных зёлак ды садавіны. У лаўках сядзеў сярэдні клас, мяшчане ў вопратцы новага крою ды суседзі з навакольных фальваркаў. Двое ці трое ссівелых вусачоў басамі зачыналі малітву, а хор тонкіх жаночых галасоў уліваўся ў мужчынскі спеў суладна і прыгожа.
Пасля пробашч узышоў на амбону і чытаў з кніжкі маральнае казанне. Ксяндзам не дазволена мець казанне з памяці, бо асэсар лёгка можа прычапіцца да пробашча за якое-небудзь смялейшае слова, якое яму не спадабаецца. І як толькі ксёндз сышоў з амбоны, усе прысутныя ў касцёле заварушыліся: пачыналася працэсія. Васьмёра дзяўчат, гадоў па дваццаць, прыгожых, хораша прыбраных, узяліся несці два алтарыкі: чацвёра з іх узнялі абраз анёла Апякуна, а астатнія - абраз Найсвяцейшай Панны. Мужчыны ўзялі харугвы, некалькі мяшчанаў - полаг.
Не відаць было кіраўніка цырымоніі, аднак, калі пробашч у арнаце заспяваў песню «Божа добры…» ды бухнуў з кадзіла дым, то, не зважаючы на цеснату, працэсія ўшыкавалася ладна і так добра ўпарадкаваная выйшла з касцёла, нібыта гэта дзеялася ў парыжскай катэдры Нотр-Дам. Пад спеў па-польску працэсія абышла вакол касцёла, а пасля людзі зноў вярнуліся на свае месцы і пачалася Імша; зайграў добра знаёмы мне арган і цудоўна заспявала адна мяшчанка. Пасля Імшы ўсе парафіяне ўкленчылі, і пробашч, сышоўшы з алтара і ўкленчыўшы, пачаў супліку:
(ксёндз) Святы Божа! Святы Моцны!
(людзі) Святы і Несмяротны, змілуйся над намі…
Тут ужо ў мяне слёзы пацяклі ручаём: гэтага спеву я не чуў пяцьдзесят два гады, з таго часу, як мы спявалі ў табары ў Прусіі, пад чыстым небам.
Усе людзі спявалі за пробашчам, спяваў і я, плачучы рыдма. Пасля яшчэ спявалі іншыя набожныя песні.
Напрыканцы Імшы ксёндз блаславіў: «Nunc dimitte servum Tuum - Цяпер, Пане, адпускаеш слугу Твайго ў супакоі».

Ответить

CAPTCHA
Этот вопрос задается для проверки того, не является ли обратная сторона программой-роботом (для предотвращения попыток автоматической регистрации).

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/