
Жанчына вярталася з вакзала. Толькі што яна праводзіла ў далёкую камандзіроўку каханага чалавека, і на душы ў яе было сумна і цяжка. Камандзіроўка абяцала быць доўгай і небяспечнай, і хоць каханы ў час развітання, як мог, падбадзёрваў яе: "Не хвалюйся, табе шкодна хвалявацца. Не ўсё там так страшна, як раздуваюць у тэлерэпартажах падкія да сенсацый журналісты", яна разумела, што ён проста шкадуе яе, а журналісты, наадварот, прымяншаюць ступень небяспекі. I хоць ёй сапраўды хвалявацца было непажадана, іголачкі трывогі і суму ад апанаваўшай адзіноты балюча паколвалі сэрца.
— Жанчына, купіце коціка, — спыніў яе нечы голас.
Яна азірнулася. У паўзмроку слаба асветленага падземнага пераходу стаяла не старая яшчэ бабуля і трымала ў руках лазовы кошык, у якім нешта папісквала.
— Купіце! — згледзеўшы сум і нерашучасць у вачах жанчыны, ужо
больш настойліва паўтарыла сваю просьбу бабуля. — Харошыя коцікі,
чыстапародныя сіямскія. Выбірайце, якога хочаце. Тут два хлопчыкі і дзяўчынка.
Жанчына падышла бліжэй. 3 кошыка, з-пад нейкай пялюшкі — відаць, клапатлівая гаспадыня прыкрыла, каб кацяняты не змерзлі на холадзе — цікаўна паблісквалі незвычайнымі блакітнымі вачанятамі тры аднолькавыя рудыя мордачкі.
"Сапраўды, вазьму сабе кацяня. Хоць нешта жывое і цёплае будзе ў кватэры. Я буду клапаціцца пра яго, і яно мяне палюбіць. I ўдваіх нам будзе лягчэй чакаць..."
— Харошыя коцікі, праўда? — расхвальвала свой тавар бабуля. — Ужо вялікія, есці прывучаныя. I акуратныя, не хвалюйцеся. Я нядорага прашу. На птушыным рынку ў мяне б іх з рукамі адарвалі, ды часу не маю там стаяць. Бярыце, не пашкадуеце! Вам якога? — і бабуля стала па чарзе даставаць з кошыка кацянят:
— Вось гэты — гарэза. А гэтая котка — сама пяшчота. А гэты — з характарам...
Калі яна дастала ўсіх прэтэндэнтаў на ласку і любоў новай гаспадыні, на дне кошыка нешта варухнулася і слаба піскнула.
— А там у вас што? — спытала жанчына, якая ўжо было пацягнулася да ласкавай коткі.
— Дзе? — перш не зразумела бабуля. I, глянуўшы ў кошык, махнула рукой:
А, гэты... Ды гэта звычайнае, беспароднае кацяня. Суседская кошка прывяла траіх, дзеці не далі выкінуць адразу, а цяпер во гаспадыня не ведае, куды іх падзець. Гэтае — самае нікчэмнае. Хацелі яго ў смеццеправод спусціць, ды я папрасіла ўзяць у кошык замест падсцілкі — гэтыя ж сіямскія арыстакраты цяпло любяць, а тут толькі ад мамчынага боку — крычаць будуць.
Нешта павярнулася ў жанчыны ў душы.
— Дайце мне гэтае кацяня!
— Каторае? — не зразумела перш бабуля і зноў пачала выстаўляць напа-каз сваіх чыстапародных. — Гарэзу? Пяшчотнае?
— Падсцілку! — ледзь стрымліваючыся, амаль выкрыкнула жанчына.
— Вы што? — акругліла вочы ад здзіўлення гандлярка. — Я ж вам кажу:
яно беспароднае. I хворае — доўга не працягне. Да таго ж, — старая паглядзела ў кошык, — яно бруднае, гэтае кацяня — па ім поўзалі зверху, гадзілі... Як вы яго панесяце? Як лепей вам кажу — бярыце каторага сіямскага, не пашкадуеце.
— Я хачу менавіта гэтае кацяня! — скрозь зубы працадзіла жанчына, ледзь стрымліваючыся, каб не расплакацца: слёзы, якія яна так старанна стрымлівала ўвесь дзень, ужо дрыжэлі ў голасе, блішчэлі на вейках.
— Ну, калі вы так хочаце, — здзіўлена прамовіла бабуля і, пакорпаўшыся ў кошыку, дастала і грэбліва працягнула брудна-шэры камячок. Кацяня ледзь чутна піскнула і нават не расплюшчыла вачанят.
Жанчына схавала яго за пазуху і не звяртаючы ўвагі на выразнае: "Нейкая ненармальная" за спіной, амаль подбегам пашыбавала дахаты.
Бабуля мела рацыю — кацяня было ледзь жывое. Яшчэ б — трое жвавых i адкормленых сіямцаў коўзаліся па ім невядома колькі.
— Не бойся, мой маленькі, цябе больш ніхто не пакрыўдзіць, цяпер мы будзем разам, — прыгаворвала жанчына, капаючы напаўжывому з піпеткі ў рот малако разам з лекамі. — Ты вырасцеш, і станеш самым прыгожым катом. I калі вернецца наш каханы, мы з табой будзем яго сустракаць удваіх...
Жанчына памылілася.
Кацяня аказалася кошачкай. Праз колькі часу з дахадзягі яе стараннямі вырасла прыгажуня — з дымчата-шэрай, гладкай і пушыстай поўсцю, якая за далікатнымі вушамі-трохвугольнікамі паўставала бялёсым німбам: з выразнымі зялёнымі вачыма, абведзенымі па контуру невядомым візажыстам чорным алоўкам і гэтак жа дакладна акрэсленым вільготным ласкавым носікам, якія Дымка, ледзь толькі жанчына ўладкоўвалася на канапе, любіла ўторкнуць ёй пад паху і голасна мурлыкаць.
Больш адданай істоты ў жанчыны не было. Дымка адчувала яе настрой з парога. Яна ціхенька і, здаецца, з разуменнем глядзела ёй у вочы, калі ад каханага доўга не было вестак, весела скакала і дурэла, калі жанчына атрымлівала доўгачаканае пісьмо, пяшчотна лізала ёй руку — кожны пальчык, кожны пазногцік, як некалі цалаваў ён — калі ёй было асабліва цяжка і сумна...
А калі прыйшла чорная вестка. Дымка злізвала з яе шчок горка-салёныя слёзы.
Ніна Рыбік, “Перамога”, №91
_____________________________________________________________________________________________________
