Вольны час



Нам гады не бяда

У Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва адбылося чарговае пасяджэнне аматарскага аб'яднання "Нам гады не бяда".

Яго арганізатарамі выступілі Цэнтр культуры і народнай творчасці, аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна.

Пасяджэнне прайшло за кубачкам чаю, дзе ўшаноўвалі імяніннікаў — Тамілу Аляксандраўну Крышаловіч, Валянціну Мікалаеўну Літвіну, Ірыну Уладзіміраўну Кіслую.

Усіх прысутных павітала загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту Галіна Эдвардаўна Касцюк і распавяла аб планах, далейшай працы аддзялення, павіншавала імяніннікаў. У час пасяджэння аматарскага аб'яднання яго ўдзельнікі пазнаёміліся са спецыялістам па сацыяльнай рабоце Таццянай Зінкевіч, Таццяна Міхайлаўна расказала пра сваю працу, падрыхтавала анкеты для ўдзельнікаў. На пасяджэнні прысутнічалі і новыя ўдзельнікі аб'яднання, якія крыху расказалі пра сябе.



Якога колеру танец?

Якая музыка на дотык, вершы - на смак або якога колеру танец?

На гэтыя дзіцячыя пытанні дарослыя дагэтуль шукаюць адказ. Танец, як дзяцінства, яскравы і рознакаляровы, лічыць харэограф Наталля Смірнова. Гэтаму яна вучыць маленькіх і юных дзятлаўчан у студыі сучаснага танца “Dance colour”. Падрабязнасцямі ў яе пацікавілася
карэспандэнтка газеты "Перамога".

— Наталля, чаму менавіта Дзятлава? Адкуль узнікла ідэя заснаваць студыю тут?
— Гады чатыры таму мы з удзельнікамі лідскай студыі танца неднаразова прыязджалі выступаць у Дзятлаве. Нас вельмі цёпла прымалі дзятлаўскія гледачы, я пазнаёмілася і пасябравала з работнікамі культуры раёна, падтрымлівала сувязь з імі. А напрыканцы мінулага года ідэя, якая “лётала" ў паветры, нарэшце сфарміравалася: навошта прывозіць артыстаў з Ліды, калі Дзятлаўшчына сама багатая на юныя таленты? Я падкарэктавала свой працоўны графік, вызваліўшы для заняткаў два дні, і правяла набор груп.



У СТУДЫІ АКРАБАТЫКІ І ЦЫРКАВОГА МАЙСТЭРСТВА

Размінка, мосцік, шпагат, пераварот — усю гэтую спартыўную тэрміналогію цяпер можна пачуць, наведаўшы Дзятлаўскі раённы дом культуры: з верасня мінулага года тут пачала дзейнічаць студыя акрабатыкі і цыркавога майстэрства. Ёсць і харэаграфічная трупа.

Яе кіраўнік — Валерый Анатольевіч Герасіменка. На Дзятлаўшчыну ён пераехаў з Ліды, дзе 19 гадоў вёўстудыю “Міксі”. Сам жа Валерый Анатольевіч асвойваў акрабатычнае майстэрства ў Ленінградзе, у студыі, якая працавала пры Доме культуры Ленсавета. Сюды ён прыйшоў займацца ў 21-гадовым узросце. Па мерках акрабатыкі і мастацкай гімнастыкі гэта было ўжо позна. Тым не менш, цярпенне і настойлівасць маладога чалавека далі свае станоўчыя вынікі.



НА КУРСАХ ПА КАМП’ЮТАРНАЙ ПІСЬМЕННАСЦІ

Вучыцца, вучыцца і яшчэ раз вучыцца. Дэвіз, актуальны для любога часу і для любога ўзросту. Нядаўна гэтыя словы ўзялі на заметку людзі,
якія ў перыяд другой маладосці — так нярэдка называюць пенсійны узрост, вырашылі дасягнуць новых мэтаў у сваім жыцці. У прыватнасці, асвоіць камп’ютар: сёння тэта няўмольнае патрабаванне часу, якое, аднак, адкрывае новыя магчымасці і перспектывы.

Камп'ютарныя курсы для пажылых людзей арганізаваны пры падтрымцы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, аддзела адукацыі, спорту і турызму Дзятлаўскага райвыканкама на базе сярэдняй школы №3 горада Дзятлава. А вось непасрэдным настаўнікам урокаў па камп'ютарнай пісьменнасці з'яўляецца Людміла Васільеўна Саванец, былы метадыст аддзела адукацыі. Заняткі яна праводзіць у трох групах.



ДОМ КУЛЬТУРЫ ПРАПАНУЕ

Развіць здольнасці і цікава правесці вольны час даюць магчымасць шэраг гурткоў і аб'яднанняў, якія сёння працуюць пры Дамах культуры.
Дзятлаўскі раённы дом культуры прапануе таленавітым дзецям заняткі ў тэатральнай студыі "Мелодыя душы", а таксама ў Беларускім гульнёвым тэатры роставых лялек "Dolls4all". Цяпер ён мае дзіцячы і дарослы састаў. Дзякуючы фінансавай падтрымцы Дзятлаўскага райвыканкама, у хуткім часе ў тэатры з'явяцца і новыя героі -- персанажы з любімых дзятвой мультфільмаў "Маша і Мядзведзь" і "Ледніковы перыяд". Варта зазначыць, што роставыя лялькі зроблены сіламі работнікаў Дома культуры. Свае сакрэты яны прыадкрыюць у час абласнога семінару-вучобы, правядзенне якога плануецца ў лістападзе.

Насычаным восеньскі сезон будзе і для тэатральнай студыі "Мелодыя душы", якая, дарэчы, у наступным годзе адзначыць сваё пяцігоддзе. Нядаўна артысты гастралявалі па Іўеўскім раёне. Ёсць запрашэнне выступіць у Лідзе, у Доме культуры чыгуначнікаў. А з шоу-спектаклем "Зрабі свой выбар", як патлумачыў кіраўнік студыі, дырэктар Дзятлаўскага раённага дома культуры Іван Каско, тэатральная студыя плануе выступіць на фестывалі "Слонімскія цудадзействы" і фестывалі аматарскіх калектываў у Стаўбцах.



ШКОЛА МАСТАЦТВАЎ -- ШКОЛА ЭСТЭТЫЧНАГА ВЫХАВАННЯ

Да пачатку новага навучальнага года рыхтуюцца і школы мастацтваў. Дзятлаўская дзіцячая школа мастацтваў праводзіць набор дзяцей, якія жадаюць развіваць свае музычныя і мастацкія здольнасці. Усё ж такі, талент, як сведчыць біблейская мудрасць, не варта зарываць у зямлю, а трэба яго "ўзбагачаць". Зрабіць гэта ў Дзятлаўскай школе мастацтваў дзецям дапамогуць вопытныя кваліфікаваныя настаўнікі.

Вядома, мець талент -- справа адна, а вось развіваць яго -- задача нялёгкая, якая патрабуе шмат уседлівасці і цярпення. Толькі і вынікі вартыя гэтага. Як аргумент для таго, каб пайсці вучыцца ў школу мастацтваў, варта прыняць і тое, што яшчэ стагоддзе таму ўменне музыцыраваць або маляваць лічылася абавязковай часткай арыстакратычнай культуры. Ды і таленавіты чалавек заўсёды прыцягвае да сябе цікавасць, з'яўляецца душой кампаніі.

-- Акрамя гэтага, -- працягвае думку намеснік дырэктара Дзятлаўскай школы мастацтваў Аксана Шэіна, -- заняткі ў мастацкай школе выхоўваюць у дзіцяці пачуццё прыгожага, эстэтычны густ, развіваюць духоўна. А гэта вельмі важна ў наша тэхнагеннае стагоддзе.