Культура



ПАД ГУКІ АРКЕСТРА

У першамайскае свята прайшла канцэртная праграма з удзелам вакальна-інстументальных ансамбляў "Арэал" і "Юніс". Яны выступілі на пляцоўцы ля Дзятлаўскага раённага дома культуры. У выкананні калектываў прагучалі інструментальныя нумары, песні. Саліравалі Максім Юганаў, Дзіяна Кургун, Данііл Гушча, Юля Салаш.

Сваім майстэрствам у час праграмы ў чарговы раз дзятлаўчан парадаваў зводны духавы аркестр гарадскога пасёлка Наваельня.



"ЛЯНОК" САБРАЎ ТАЛЕНТЫ

У Дзятлаве ў трэці раз прайшоў адкрыты рэгіянальны конкурс беларускай творчасці "Лянок". Удзел у ім прынялі юныя музыканты і мастакі.

У музычным аддзяленні конкурсу ўдзельнічалі 56 дзяцей з Жыровічаў, Слоніма, Дзятлаўскага раёна, Валеўкі, Івацэвічаў, Любчы. Інструментальнае майстэрства канкурсантаў ацэньвалі выкладчыкі Лідскага дзяржаўнага музычнага каледжа на чале з Галінай Барысаўнай Пушкінай.

Па заканчэнні конкурсу журы адзначыла высокі ўзровень арганізацыі мерапрыемства, назвала пераможцаў. У ліку іх шэраг прадстаўнікоў Дзятлаўшчыны. Гран-пры "Лянка" атрымала Валерыя Міхалойць. Другое месца ў старэйшай групе занялі Любоў Вырко, Вольга Іода. На трэцім месцы -- Ліза Калановіч, Насця Савончык, Ілья Шмаўст.



СКАРБОНКА ТВОРЧЫХ ПЕРАМОГ

Апошнія дні сакавіка папоўнілі скарбонку творчых дасягненняў выхаванцаў Дзятлаўскай дзіцячай школы мастатцваў, іх педагогаў. Шэраг дзяцей увайшлі ў лік лепшых па выніках абласнога конкурсу імя К. Горскага.

Выхаванец Андрэя Яўгенавіча Цыгеля Ілья Шмауст, які займаецца па класе гітары, атрымаў дыплом першай ступені. У малодшай групе баяністаў другое месца заняў вучань Сяргея Леанідавіча Жалязоўскага -- Арцём Пятліцкі. Дарэчы, улютым ён удзельнічаў у абласным конкурсе-фестывалі "Іграй, мой баян!", дзе таксама заняў другое месца. Ліза Калановіч (выкладчык -- Ірына Леанідаўна Цыгель) у абласным конкурсе баяністаў заняла трэцяе месца.

Караліна Капковіч, якая займаецца ў Ірыны Пятроўны Сідорчык -- педагога па класе цымбалаў, заняла другое месца сярод цымбалістаў у конкурсе імя К. Горскага. Да гэтага Караліна прымала ўдзел у адкрытым форуме цымбалістаў "Сярэбраны звон", які адбыўся ў Маладзечне. Адбор на форум праходзіў у Гродне. Караліна стала адной з 10 дзяцей, якія атрымалі права прадстаўляць Гродзеншчыну на рэспубліканскім форуме цымбалістаў: мерапрыемства было прымеркавана да 15-годдзя асацыяцыі белрускіх цымбалістаў.



ВІВАТ, ТЭАТР, ВІВАТ!

Міжнародны Дзень тэатра ўзорная тэатральная студыя "Мелодыя душы" адзначыла шэрагам пастановак, якія 27 сакавіка праходзілі на сцэне Дзятлаўскага раённага дома культуры. Напрыканцы дня артысты тэатральнай студыі сабраліся на "капуснік". Да яго юныя акцёры падрыхтавалі шэраг мініяцюраў. Таксама ў час капусніка ўдзельнікі тэатральнай студыі імправізавалі -- у час конкурсу акцёрскага майстэрства, конкурсу суфлёраў.

Разам з прыемнымі момантамі, якія капуснік падарыў як удзельнікам студыі, так і іх гледачам, мерапрыемства падвялі вынікі тэатральнага года. Артысты студыі былі адзначаны граматамі і падзячнымі пісьмамі.



ФЕСТЫВАЛЬ У КАРЭЛІЧАХ

Дзевятнаццаты абласны фестываль народнай творчасці ветэранскіх калектываў "Не старэюць душой ветэраны" прайшоў у гарадскім пасёлку Карэлічы. Дзятлаўшчыну на мерапрыемстве прадставіў народны хор Дзятлаўскага раённага дома культуры "Ветэраны ў страі", мастацкім кіраўніком якога з'яўляецца Марына Шыкуць.

"Ветэраны ў страі" заўсёды на высокім узроўні дэманструюць сваё выканальніцкае майстэрства -- як харавое, так і вакальнае. Пацвердзіў гэта і фестываль у Карэлічах. Адтуль нашы артысты прывезлі шэраг дыпломаў і падарункаў. Дыпломам быў адзначаны калектыў за уклад у развіццё вакальна-харавога мастацтва, патрыятычнае выхаванне моладзі. А вось за індывідуальнасць і арыгінальнасць вакальна-харавой праграмы дзятлаўскія артысты атрымалі сувенір. Узнагародамі -- за добрасумленную працу і прафесіяналізм, за высокую якасць падрыхтоўкі і выкананне вакальна-харавых твораў і інструментальных аранжыровак -- былі адзначаны кіраўнік хора Марына Шыкуць, кіраўнік інструментальнай групы Таццяна Шостка.



ТЭАТРА ЧАРОЎНАЕ ІМГНЕННЕ

27 сакавіка адзначаецца Сусветны дзень тэатра. Гэта свята і для ўдзельнікаў узорнай тэатральнай студыі "Мелодыя душы" Дзятлаўскага раённага дома культуры.

-- Сёлетні Дзень тэатра мы адзначым шэрагам мерапрыемстваў, -- расказвае кіраўнік студыі Іван Каско. -- Гледачы пабачаць як старыя, так і новыя нашы пастаноўкі. Распачне іх музычная казка "Новы Калабок" -- адна з першых нашых пастановак. З ёю мы сталі лаўрэатамі абласнога тэатральнага конкурсу ў 2010 годзе, у 2012-ым прайшлі адборачны тур на фестываль аматарскіх тэатральных калектываў "Дзверы". Ён адбудзецца ў красавіку ў Мінску. Увогуле, мы паказалі ўжо каля 100 пастановак "Новага Калабка". Яго пабачылі гледачы з Навагрудка, Шчучына, Гродна.

Таксама ў Дзень тэатра, у 11.30 мы прэзентуем гледачам казку "Клочки по закоулочкам". Дарэчы, яе мы будзем паказваць на сёлетнім абласным конкурсе "Слонімскія цудадзействы".



ПРАВІЛЫ ДАРОЖНАГА РУХУ СА СМЯШАРЫКАМІ

Урокі па правілах дарожнага руху любімыя дзятвой Смяшарыкі -- роставыя лялькі тэатральнай студыі "Мелодыя душы" -- правялі ў Дзятлаўскім раённым доме культуры. Прысутнічалі на ўроку вучні пачатковых класаў сярэдняй школы №3 г. Дзятлава.

У тэатралізаванай форме Смяшарыкі расказвалі дзецям аб асноўных правілах дарогі, выкананне якіх дазволіць захаваць бяспеку жыцця. Шмат цікавага, у тым ліку і аб гісторыі свайго ўзнікнення, хлопчыкам і дзяўчынкам паведаміў Светлафор Светлафоравіч. Ён займае пачэснае месца ў казачным горадзе, дзе жывуць Смяшарыкі і дзе яны вывучаюць правілы дарожнага руху. Расказваючы аб іх дзецям, Смяшарыкі, асаблівую ўвагу звярнулі на ролю дарожных знакаў.



ЧЫТАЙ І ЗДЗІЎЛЯЙСЯ

У час вясновых школьных канікулаў у Дзятлаўскай дзіцячай бібліятэцы пройдзе свята кнігі. Яно дазволіць школьнікам правесці свой вольны час цікава і забаўляльна, паказаць сваю эрудыцыю і творчыя здольнасці, пазнаёміцца з навінкамі дзіцячай літаратуры.

У бібліятэцы пройдзе прэзентацыя кніжнай выставы "Чытай і здзіўляйся", экспрэс-апытанне "Мая любімая кніга", экскурсія-падарожжа " Скарбніца дзіцяччай літаратуры".

Шмат пазнавальнай інфармацыі юным чытачам падорыць Дзень беларусіх выданняў. У час яго пройдзе выстава-экспазіцыя "Будзе жыць дзіцячая кніга -- будзе жыць нацыя", літаратурнае знаёмства "Беларускія пісьменнікі-юбіляры". Больш падрабязна дзеці даведаюцца аб жыццёвым і творчым шляху беларускага паэта, ураджэнца Дзятлаўшчыны Віктара Шымука, 80-годдзе з дня нараджэння якога адзначаецца сёлета.

У Дзень паэзіі бібліятэкары прапануюць маленькім чытачам наведаць паэтычны лабірынт, прысвечаны 100-годдзю з дня нараджэння Сяргея Уладзіміравіча Міхалкова.



СПЯВАЮЦЬ "СУСЕДАЧКІ"

Фальклорны гурт Данілавіцкага сельскага дома культуры "Суседачкі" спявае ўжо чацвёрты год. Рэпертуар калектыву складаюць народныя песні як беларускай, так і рускай музычнай культуры. Лірычныя і задушэўныя, бадзёрыя і вясёлыя, яны не пакідаюць слухачоў абыякавымі: у гэтых песнях -- душа народа. І гучыць яна пад найгрышы баяна: "Суседачкам" акампануе Іна Міраславаўна Анушкевіч.

Мастацкім кіраўніком калектыву і яго ўдзельніцай з'яўляецца Святлана Міхайлаўна Грос -- дырэктар Данілавіцкага сельскага дома культуры, работнік культуры са шматгадовым стажам. Песня для яе, як прызнаецца жанчына, -- гэта сродак бадзёрасці, добрага настрою, яна дае душэўны пад'ём. Гэтае ж стаўленне да песні характэрна для ўсіх "Суседачак" -- таленавітых жанчын з адной вёскі, таму і назва ў калектыва такая. Кожная з удзельніц гурта -- аматарка песень, якія калісьці гучалі ў іх юныя гады, якія ўвайшлі ў гісторыю музычнай культуры. Захаваць яе -- задача маладога пакалення.



МАЙСТАР АКВАРЭЛЬНАГА ЖЫВАПІСУ

У лютым споўнілася 65 гадоў з дня нараджэння беларускага мастака Вікенція Іванавіча Ражко, ураджэнца вёскі Гярбелевічы Дзятлаўскага раёна.

Вікенцій Іванавіч захапіўся маляваннем з самага дзяцінства. Першыя прафесійныя ўрокі атрымаў у 9-10 класах ад мастака-педагога Уладзіміра Жука, які прыехаў з Мінска на працу ў Казлоўшчынскую школу. Свайго настаўніка Вікенцій Іванавіч успамінае і цяпер з вялікай удзячнасцю.

Пасля школы будучы мастак паступіў на мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута. Авалодваў майстэрствам жывапісу алеем ў вядомага беларускага мастака А. Някрасава. Акварэль у інстытуце выкладаў адзін з заснавальнікаў беларускай акварэлі -- Ф. Гумен.