Славутыя землякі Дзятлаўшчыны XVIII-XIX ст.ст.


  • РАДЗІВІЛ Крыштоф Удальрык (1712 — 1763)

Пiсьменнік. Нарадзіўся ў Дзятлаве. Паходзіў з магнацкага роду Радзівілаў. Займаў пасады ваяводы навагрудскага, з 1734 г.— канюшага, з 1762 г. — пісара Вялікага княства Літоўскага, мінскага староства.

Значную частку жыцця правёў у сваіх валынскіх уладаннях. Сучаснікі характарызавалі яго як дзівака і фантазёра, здольнага, вельмі начытанага, але схільнага да авантурызму.

Горача абараняў у польскім сейме права «ліберум вета» (свабоднага пратэсту), па якім адзін член сейма мог зрабіць несапраўднай пастанову ўсяго сейма, рабіў няўдалыя спробы ўмешвацца ў палітыку.

Добра валодаў пяром і пакінуў пасля сябе даволі значную літаратурную спадчыну.

Аўтар кніг: «Апісанне клопатаў людзей усіх саслоўяў» (1741), «Маральныя элегіі» (1752), «Агульная гісторыя» (т. 1-5, 1752) і інш.

Перакладаў на польскую мову творы Сафокла, П. Карнеля, Ж. Расіна. Спрабаваў увесці ў спектаклях прыдворных тэатраў беларускую мову.

Частка яго твораў засталася ў рукапісах.

"Мысліцелі і асветнікі Беларусі”

  • ЖАБРОЎСКІ Тамаш (1714-1758)

Прафесар Віленскага універсітэта, выдатны беларуска-літоўскі асветнік, матэматык і астраном, адзін з вядучых архітэктараў віленскай школы барока.

Адукацыю атрымаў у Навагрудскім езуіцкім калегіуме, потым на філасофскім (1735—1738) і тэалагічным (1740 — 1744) факультэтах Віленскага універсітэта. Выкладаў у калегіумах Каўнаса, Ілуксце, Бабруйска, Кражай. I ўсюды займаўся будаўніцтвам. Быў адным з архітэктараў касцёла святых Пятра і Паўла ў Бабруйску, які быў фундаваны яшчэ ў 1615 г., але ж пастаянна дабудоўваўся і перабудоўваўся.

На працягу 1750 — 1752 гг. Жаброўскі ўдасканальваў свае веды па матэматыцы ў Вене і Празе. У час вучобы ў Пражскім універсітэце слухаў лекцыі прафесара I. Стэплінга, заснавальніка і кіраўніка Пражскай астранамічнай абсерваторыі. Там Жаброўскі выдаў 2 падручнікі па арыфметыцы і геаметрыі, астранамічнае даследаванне «Аб сапраўднай вышыні полюса горада Вільні».

3 верасня 1752 г. стаў прафесарам Віленскага універсітэта. Праз няпоўныя два месяцы атрымаў ступень магістра. Кіраваў кафедрай, выкладаў усе навукі матэматычнага цыклу, па яго ініцыятыве універсітэцкі курс матэматыкі пашырыўся да вышэйшай, займаўся ўдасканаленнем вадзяных млыноў і ветракоў.

У 1753 г. узначаліў будаўніцтва Віленскай абсерваторыі, для якой выпісаў з Англіі неабходнае абсталяванне. Праз 2 гады абсерваторыю адкрылі, і Т. Жаброўскі атрымаў магчымасць праводзіць сістэматычныя назіранні. Будынак абсерваторыі, як адзначалі сучаснікі, па сваёй аснашчанасці і архітэктуры не ўступаў падобным збудаванням Еўропы.

У 1755 годзе пачалося аднаўленне будынка калегіума ордэна езуітаў у Жодзішках (зараз Смаргонскi раён), якi яшчэ ў 1734 годзе спалiлi разам з Жодiшкамi маскоўскія войскі. Будаўніцтва новага мураванага калегіума ішло на працягу 1757-1770 гадоў. Аўтарам праекта стаў Тамаш Жаброўскі.

Т. Жаброўскі — аўтар праекта езуіцкага кляштара ў Жодзішках пад Смаргонню, які будаваўся на працягу 1757 —1766 г.г.

А.Госцеў

  • ДАМЕЙКА Ігнат Іпалітавіч (31.07.1802-23.01.1889)

Вучоны-даследчык, геолаг. Нарадзіўся ў маёнтку Нядзведка Навагрудскага павета Мінскай губерні.

3 1812 г. вучыўся ў манастырскай школе ў Шчучыне.

У 1816 г. паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Віленскага універсітэта, дзе поруч з прыродазнаўствам вывучаў гісторыю, літаратуру, слухаў лекцыі вядомых прафесараў I. Лялевеля, Я. Снядэцкага і інш. Ва універсітэце разам са сваімі землякамі А. Міцкевічам і Я. Чачотам прымаў удзел у тайным таварыстве філаматаў («што імкнуцца да ведаў»), асноўнымі лозунгамі якога было: айчына, навука, дабрачыннасць.

У 1822 г. Дамейка атрымаў ступень магістра філасофіі.

Восенню 1823 г. разам з іншымі ўдзельнікамі патрыятычна-дэмакратычнага руху арыштаваны і пасля заканчэння следства высланы з Вільні пад нагляд паліцыі ў в.Заполле на Лідчыне, а потым у в. Жыбартоўшчына паблізу Дзятлава.

Яму назаўсёды было забаронена паступаць на дзяржаўную службу і займацца грамадскай дзейнасцю. Жыццё ў глушы было нялёгкім, і Дамейка ў сваёй гаспадарцы распачаў доследы па вырошчванні жывёлы на навуковай аснове. Пазней Міцкевіч у паэме «Дзяды» паказаў Дамейку ў вобразе аканома Жэготы (так звалі Дамейку сябры па універсітэце).

Дамейка прыняў актыўны ўдзел у паўстанні 1830 — 1831 гг. у Польшчы і на Беларусі. Пасля паражэння паўстання разам з сябрамі вымушаны быў эмігрыраваць.

У 1832 г. перайшоў граніцу непадалёку ад Круляўца і быў інтэрніраваны прускімі ўладамі. Вызваліўшыся з палону, Дамейка ў Дрэздэне сустрэўся з Міцкевічам, і яны выехалі ў Францыю. У Парыжы Дамейка вучыўся ў Вышэйшай школе горнай справы Сарбонскага універсітэта, займаўся грамадска-палітычнай дзейнасцю, дапамагаў Міцкевічу перапісваць рукапісы паэмы «Пан Тадэвуш».

Мэтанакіраваны і поўны энергіі, Дамейка ў сваіх лістах на радзіму піша, што марна шукае суцяшэнне ў кнігах і навуках.

У лістападзе 1833 г. ён разам з Міцкевічам і іншымі эмігрантамі падпісаў зварот да былых паўстанцаў, у якім засцерагаў іх ад непрадуманых і паспешных дзеянняў.

Пасля заканчэння Вышэйшай горнай школы Дамейка займаўся даследаваннямі. У 1837 г. ён склаў геалагічную, гідраграфічную і гаспадарчую карты зямель былой Рэчы Паспалітай, напісаў геаграфічны каментарый да іх.

У 1850 г. у Парыжы надрукаваны лепшы на той час геаграфічны атлас Польшчы, у якім без пазначэння аўтарства прадстаўлены яго карты і каментарыі да іх. Такім чынам, Дамейку можна лічыць заснавальнікам фізіка-геаграфічнага раянавання Польшчы, Беларусі і Літвы.

У снежні 1837 г. па рэкамендацыі парыжскіх прафесараў ён прыняў прапанову чылійскага ўрада і падпісаў кантракт на пасаду выкладчыка горнай школы ў г.Какімба на поўначы Чылі і 02.02.1838 адплыў туды. Дамейка прывёз з сабой багаж з кнігамі і абсталяваннем, за 3 месяцы вывучыў іспанскую мову і з гэтага часу ўсе свае веды, творчы запал і энергію пачаў аддаваць новай радзіме.

У Какімба Дамейка чытаў лекцыі, займаўся з вучнямі. У 1840 г. у час канікул накіраваўся з геалагічнай экспедыцыяй у горы, дзе адкрыў паклады невядомага навуцы альгамату серабра, які атрымаў назву аркерыт. Ён арганізаваў для моладзі курсы па вывучэнні фізікі і хіміі, заснаваў фізічную лабараторыю, навуковую бібліятэку.

Дамейка распрацаваў арыгінальную методыку навучання, сутнасць якой у практычным замацаванні ведаў, у паступовым і трывалым засвойванні вучнямі асноўных паняццяў і законаў хіміі, фізікі, геалогіі.

Яго вучань Ніколас Нараньо знайшоў багатую срэбраносную жылу, якую назваў імем свайго настаўніка — «Міна дэ Дамейка».

У 1845 г. Дамейка наведаў паўднёвую ўскраіну Чылі — аўтаномную зямлю Араўканію, дзе знаёміўся з побытам і звычаямі мясцовых жыхароў, сабраў багаты фальклорны матэрыял. Па матэрыялах падарожжа ён напісаў і апублікаваў на іспанскай мове кнігу «Араўканія і яе жыхары», у якой звярнуў увагу грамадскасці на становішча індзейцаў-араўканцаў, што на працягу трох стагоддзяў не скарыліся іспанскім заваёўнікам і праследаваліся чылійскім урадам. Нягледзячы на абвінавачванні ў несправядлівых адносінах да абарыгенаў, кніга прыйшлася даспадобы чылійцам, была перакладзена на многія іншыя мовы, у 1860 г. перавыдадзена ў Вільні і распаўсюджвалася на Беларусі і ў Літве. Землякі Дамейкі ўпэўніліся, што былы «мяцежнік», як і раней, змагаецца за свабоду прыгнечаных людзей.

Пасля заканчэння тэрміну кантракта Дамейку запрасілі на працу ў сталічны горад Сант'яга з мэтай дапамогі ў правядзенні рэформы ва універсітэце, пра што ён раней пісаў міністру адукацыі Чылі. Універсітэт, заснаваны ў 1843 г., не з'яўляўся вышэйшай навучальнай установай, а выконваў функцыі нагляду і кіравання школамі. Выкарыстаўшы віленскі вопыт, Дамейка адрэдагаваў праект рэформ універсітэта і школ, прыняў удзел у іх правядзенні.

У 1847 г. ён атрымаў ва універсітэце кафедру хіміі, займаўся навуковай і выкладчыцкай дзейнасцю. Пасля Сусветнай выстаўкі ў Парыжы ў 1867 г., дзе Да-мейка прадстаўляў маладую прамысло-васць Чылі, яго выбралі рэктарам універсітэта. Перыядычна на гэтай пасадзе ён быў у 1867 — 1883 гг.

Заслугі «Дона Ігнаціо» (так з павагай называлі яго ў Чылі) перад новай радзімай нельга пераацаніць. У адчыненай паводле яго праекта Горнай школе былі падрыхтаваны першыя нацыянальныя кадры выкладчыкаў, геолагаў, мінералогаў. Яго вучні завяршалі адукацыю ў Еўропе і вярталіся ў Чылі, дзе займаліся педагагічнай і навуковай дзейнасцю, станавіліся вядомымі вучонымі.

У сталіцы Чылі Дамейка арганізаваў службу метэаралогіі, стварыў і рэалізаваў праект новага водаправода. Упершыню ў Лацінскай Амерыцы ён увёў у Чылі метрычную сістэму мер і вагі. Дамейка займаўся бібліятэчнай справай, стварыў хімічную і горную лабараторыі, тры музеі, у тым ліку мінералагічны і этнаграфічны, розныя навуковыя калекцыі.

Для даследавання прыродных багаццяў Чылі і пошукаў новых крыніц сыравіны ён арганізоўваў навуковыя экспедыцыі ў пустыню Атакама і ў горы, вывучаў вулканы, неаднойчы перасякаў Анды і Кардыльеры. 3 гэтай жа мэтай ён пабываў у Бразіліі, Уругваі, Перу, Аргенціне і інш. і ўзбага ціў навуку звесткамі пра новыя расліны і мінералы ў гэтых краінах, шматлікія лекавыя крыніцы.

3 імем Дамейкі звязана распрацоўка навуковай асновы эксплуатацыі прыродных багаццяў. У выніку даследаванняў ён прапанаваў здабываць прамысловым спосабам некаторыя мінералы. Сам займаўся будаў-ніцтвам шахтаў і капальняў, здаў у эксплуатацыю некалькі капальняў па здабычы медзі, серабра, золата. Яго нават выбіралі вярхоўным суддзёй па горных спрэчках. На Чылійскім узбярэжжы Ціхага акіяна Дамейка знайшоў значныя паклады салетры і прапанаваў выкарыстоўваць яе на ўгнаенне глебы. Ён першы распачаў картаграфаванне і раянаванне геаграфічных і геалагічных з'яў, у сваіх навуковых працах закранаў праблемы межаў геаграфічных арэалаў.

Дамейка распрацаваў арыгінальную на той час канцэпцыю пра залежнасць прадукцыйнасці геаграфічнага асяроддзя ад натуральных умоў: тапаграфічнага становішча краіны, геалагічнай будовы нетраў, гідраграфіі, расліннасці і інш. Свае шматлікія творы, у тым ліку падручнікі па хіміі, мінералогіі, фізіцы, Дамейка пісаў пераважна на іспанскай і французскай мовах.

Выдадзены ў Чылі падручнік «Мінералогія» на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў выкарыстоўваўся ў многіх лацінаамерыканскіх краінах. Вынікі навуковых пошукаў і адкрыццяў Дамейкі апублікаваны на розных мовах у 130 яго навуковых працах, якія прынеслі яму сусветную вядомасць і славу. Яны займалі ганаровае месца ў тагачаснай навуцы, сведчаннем чаго з'яўляецца выбранне Дамейкі ганаровым членам шматлікіх навуковых таварыстваў. Яго навуковыя паведамленні абмяркоўваліся на пасяджэннях Парыжскай акадэміі навук, публікаваліся ў навуковых часопісах Еўропы.

Дамейка назаўсёды парадніўся з Чылі, быў жанаты з чылійкай, але ніколі не забываў сваю далёкую радзіму і заўсёды марыў пра яе. Так, апісваючы пейзажы Чылі, ён часам супастаўляў іх з Беларуссю ці адзначаў, што мясцовая рака «не шырэйшая за наш Буг каля Брэста».

Толькі амаль у канцы жыцця яму было дазволена наведаць радзіму. У 1884 г. Дамейка разам з сынамі прыязджаў у родныя мясціны, наведаў Нядзведку, Мір, Навагрудак, Крошын, пасадзіў у Крошыне дубок, а мясцовы каваль П. Багрым высек памятны надпіс на камені.

У канцы 1888 г., наведаўшы іншыя краіны, Дамейка вярнуўся ў Чылі.

Па-мёр Дамейка 23.01.1889. Дзень яго паха-вання быў абвешчаны днём нацыянальнай жалобы. Чылійцы высока ацанілі яго заслугі. Дамейка быў абвешчаны народным героем. У гонар яго быў выпушчаны памятны медаль (да 30-годдзя яго дзейнасці), прызначана самая высокая ў краіне пенсія. Яго імем названы адзін з партовых гарадоў (Пуэрта-Дамейка), вулканічны ланцуг гор у Андах працягласцю каля 350 км, а таксама адкрыты ім мінерал (дамейкіт) і фіялкавая кветка (віёла дамейкона).

У яго доме быў створаны музей, а ў Сант'яга пастаўлены помнік «Грандэ Эдукатору» («Вялікаму Асветніку»).

Аўтар мемуараў «Мае падарожжы».

Мысліцелі і асветнікі Беларусі

  • ДМАХОЎСКІ Вікенцій Ігнатавіч (1807 — 1862)

Нарадзіўся ў в. Нагародавічы, што размешчана за 16 км ад Дзятлава, у сям'і дробнапамеснага беларускага шляхціца. Адукацыю, верагодна, атрымаў у Навагрудку.
Але гэтага не хапіла для дапытлівага юнака, і ён паступіў у 1826 г. у Віленскі універсітэт на літаратурны факультэт. Такім чынам быў зроблены крок у духу патрабаванняў грамадскай думкі. Па тых часах для шляхты лічылася прэстыжным атрымаць адукацыю юрыста, філосафа або літаратара.

Паралельна з наведваннем лекцый на літфаку, Вікенцій браў урокі малявання ў Яна Рустэма, які пастаянна імкнуўся да рэарганізацыі сістэмы выкладання. Гэта ён адным з першых увёў для сваіх навучэнцаў маляванне з жывой натуры, што паглыбіла і ўмацавала ў маладых сэрцах любоў да прыроды наогул.

Збіраючыся на свае вечарынкі, студэнты горача абмяркоўвалі пытанні развіцця літаратуры і мастацтва, духоўнай чысціні асобы. Гарачыя спрэчкі разгараліся вакол рэвалюцыі ў Францыі, аб намеры цара Мікалая I задушыць яе штыкамі польскіх легіянераў. Тыя з прысутных, хто быў больш дасведчаны ў гэтых справах, праводзілі думку аб неабходнасці вызваленчай вайны палякаў разам з рускімі супраць царызму — «за нашу і вашу вольнасць».

Душы прысутных поўніліся свяшчэннай нянавісцю да прыгнятальнікаў, а рукі самі цягнуліся да зброі. У лістападзе 1830 г. успыхнула ў Польшчы, Беларусі і Літве паўстанне, якое было падрыхтавана тайнымі арганізацыямі. Да пачатку красавіка 1831 г. яно ахапіла ўсю Літву і Паўночна-Заходнюю Беларусь. У кожным павеце выбіраўся ўрад і камандуючы войскам, аб'яўлялася мабілізацыя. Па сваёй волі ці не, але ж Вікенцій Дмахоўскі апынуўся ў радах змагароў.

У канцы мая 1831 г. царскія войскі разбілі паўстанцаў у Мінскай і Віленскай губернях. Ратуючыся ад праследаванняў, Вікенцій вымушаны быў эмігрыраваць ва Усходнюю Прусію. Вось калі спатрэбілася яму ўменне маляваць, што давала хоць які, ды ўсё ж надзейны кавалак хлеба.

На берагах чужой Прэголі не раз успамінаў родныя Нагародавічы, якія раскінуліся па-над плыткай Дзятлаўкай, палі і пералескі, шырокі тракт Дзятлава — Ліда. Усплывала ў памяці чыгуначная станцыя Яцукі, адкуль пачаўся шлях у далёкую і невядомую Вільню.

Нарэшце ў 1837 г. цар аб'явіў амністыю, згодна з якой удзельнікаў нядаўняга паўстання перасталі праследаваць. Тады і вырашыў Вікенцій Дмахоўскі вярнуцца ў Вільню. Тут ён цалкам аддаўся творчасці. Працаваў натхнёна, з захапленнем. Пэўна, як адгалосак уражанняў былога паўстання, з'явілася карціна на гістарычную тэму — «Крыжаносцы пры асадзе крэпасці Пуня» (1837).

Родныя краявіды хвалявалі чуллівае сэрца мастака, не давалі яму спакою. Ён часта наведваўся ў сваё небагатае памесце Нагародавічы. Мясцовыя сяляне бачылі Вікенція Ігнатавіча з мальбертам то ў адным, то ў другім месцы ў ваколіцах Вільнюса, Нагародавічаў або дзе-небудзь на Навагрудчыне.

Ён з захапленнем стварае рамантычныя пейзажы «Рака Нерыс каля Верак», «Радзіма» («Двор у Нагародавічах»), «Вуліца ў Вільні», «Замак у Крэве», «Дом Міцкевіча ў Навагрудку», «Сядзіба ў Туганавічах» і інш.

У першай палове 50-х гадоў Вікенцій Ігнатавіч афармляў спектаклі ў Віленскім гарадскім тэатры («Галька» Манюшкі, «Італьянка ў Алжыры» Ра-сіні, «Фаварытка» Даніцэці і інш.). Не цуралася яго муза і паказу чыста бытавых карцін («Яўрэйскае вяселле» (каля 1860-х гадоў)).

На жаль, многае з творчай спадчыны мастака Вікенція Дмахоўскага знахо дзіцца па-за межамі радзімы, асеўшы ў музеях Літвы і Польшчы.

Валянцін Ляшчынскі