Паходжанне назвы «Дзятлава»




Назва сучаснага Дзятлава адрозніваецца ад старажытных, зафіксаваных гістарычнымі крыніцамі: Зецела, Здзецель, Здзенцель, Дзенцел, Здзечаль, Здзецел. Яшчэ ў мінулым стагоддзі і ў даваенныя гады мясцовае насельніцтва часцей выкарыстоўвала назву Зецела, Зецел. Старажытны тапонім, які захаваўся ў народнай гаворцы, — сведчанне ўстойлівасці лінгвістычных каранёў і гістарычнай памяці народа.

Адлік існавання сённяшняга Дзятлава пачынаецца з 1498 г., калі вялікі князь літоўскі Аляксандр падараваў паселішча Зецела з воласцю К. I. Астрожскаму. Яму ж быў дадзены дазвол і на пабудову драўлянага замка ў Зецеле. Але гісторыя Зецела пачынаецца не з 1498 г., а намнога раней.

Так, Іпацьеўскі летапіс 1253 года засвед-чыў ваеннае сутыкненне і перамогу войск Літвы над галіцка-валынскім: «...і послаша сторож Лiтва на озере Зьято и гнаша через болота реки Щары...». Даследчык А.А.Непакупны вызначыў, што назва возера стала асновай слова ў назве старажытнага Зецела. Суфікс «ела» ўжываецца толькі ў выпадках, калі само возера знаходзіцца ля вытоку альбо ў рэчышчы ракі, па назве якой паселішча і атрымала назву. Лінгвістычная ідэя А.А.Непакупнага была даследавана ў розных накірунках.

У вытоке рэчкі Дзятлаўкі і ў рэчышчы на поўнач ад Дзятлава, ніжэй па цячэнню ў бок в. Засецце, знаходзяцца наслаенні торфу. Яшчэ ў дакуменце XVI ст. пішацца аб вёсцы Засецце, побач з якой знаходзіўся «застенокь ... сеножатный надь рекою Здетелкою обаполъ реки, которого есть волока целая съ полемъ и сь кустовьемъ». Поле, парослае кустамі, магло сведчыць аб затарфаванасці рэчышча. Возера Зьято знаходзілася, менавіта, тут, паміж населенымі пунктамі Засецце і Дзятлава. Назва возера прысутнічае ў абодвух тапонімах. Яго старажытная балцкая назва магла мець значэнні «звязваць», «злучаць».

Непадалёк ад вёскі Засецце ў рэчку Дзятлаўку ўпадаюць: злева рачулка Патыльты і, трохі ніжэй па цячэнню з правага боку, — Карачоўка. Ніжэй гэтых суток Дзятлаўка рэзка зварочвае ўправа, сустракаючы пясчаную граду, што і магло паслужыць стварэнню прыроднага «штучнага» возера. Такім чынам, балцкамоўная назва возера, якая ўжывалася ў навакольнага насялення, адпавядала яе прызначэнню: яно звязвала, злучала дзве рачулкі ў рэчышчы Дзятлаўкі. Магчыма, назва возера ў той час на мясцовай мове магла гучаць як Сеці, альбо Сето, ці Сата. На тэрыторыі Беларусі сустракаюцца азёры, назвы якіх падобны Зецельскаму: возера Сіта ў Браслаўскім раёне (басейн р. Друйка, левага прытоку Заходняй Дзвіны), возера Сіта таго ж раёна (басейн р. Дрысвята, левага прытоку Дзісны), возера Сетаўскае, альбо Сеты, у Глыбоцкім раёне (басейн р. Дабрылаўка, правага прытоку Бярозаўкі).

Тэкст з летапісу аб бітве на возеры Зьято ўказвае на шлях, якім галіцка-валынскае войска павінна было ісці. Ён звязваў карацейшай дарогай два гарады: Слонім і Наваградак і праходзіў праз возера Зьято (Сеці). Бітва адбылася зімой, і таму галіцка-валынскае войска накіравалася па замёрзлых руслах рэчак. Ад Слоніма войска ішло па Шчары, далей звярнула ў яе правы прыток — рэчку Пад'яварку, потым у прыток апошняй — Караўку, побач з вытокамі каторай паралельным курсам, на адлегласці прыкладна 750 м у адваротны бок, накіроўваліся вытокі рэчкі Дзятлаўкі, левага прытока Моўчадзі, з якой па яе праваму прытоку Промшы маглі трапіць у Наваградак.

Вось тут, дзе стаяла высокая вада ў перыяды вясенніх паводкаў і асенніх разліваў, гандляры і вандроўнікі маглі трапіць з басейна ПІчары ў басейн Моўчадзі, мінаючы хуткія воды Нёмана. Зімой жа роўная гладзь русел невялікіх рэчак дазваляла пазбегнуць небяспекі з-за тонкага лёду на Нёмане ў цёплыя зімы. Летні шлях па Нёмане ад вусця Шчары да Моўчадзі станавіўся цяжкім з-за супраціўлення моцнага патоку вады самай хуткай з рэк Беларусі. Адзначаны водны шлях па малых рэках паралельна Нёмана дазваляў дасягнуць Наваградка, скараціўшы значную адлегласць.

3 цягам часу рэчкі Дзятлаўка і Караўка забалоціліся, і да XVI ст. іх рэчышчы пераадольваліся з цяжкасцю. Таму ўскрай балота ўзнікалі паселішчы, жыхары якіх знайшлі для сябе спосаб дадатковага заробку. Яны дапамагалі вандроўнікам пераадольваць багну, перацягваючы іх груз. У дакуменце за 1580 г. упамінаецца вёска Хадзевічі (сучасная назва Хадзяўляны). У назве самой вёскі корань «ход» такі, як і ў назвах тых вёсак, што мясціліся на вялікіх прасторах Усходняй Еўропы каля падобных волакаў: Пераходцы, Пераходы, Пераход і г. д.

Сёння побач з гэтай вёскай існуе вёска Юравічы. Корань «юр» і яшчэ падобнае па гучанню слова «вір» у беларускай мове азначае вадавароты, хуткае цячэнне ў рэках. 3 гэтым жа коранем звязаны словы «юрлівы», «юрыць», якія ўжываюцца ў некаторых раёнах Беларусі са значэннем хуткага руху. Мясцовыя жыхары пераносілі, перацягвалі, перавозілі грузы ў вярхоўях гэтых рэк. У старажытналітоўскім фальклоры слова «юре» азначае вялікае балота, багну. Большасць сучасных вёсак на Бела русі ўтварыліся ў познім сярэднявеччы. К таму часу тут існавала вялікае балота. У дакуменце XVI ст. Юравічы не ўпамінаюцца. Назва вёскі магла ўтварыцца і ад імя яе жыхароў, якія жылі каля балота, юру — Юравічы.

Самой прыродай былі падрыхтаваны ўмовы ўзнікнення невялікага населенага пункта побач з волакам, дзе водныя вандроўнікі маглі адпачыць, знайсці сабе прытулак і ахову і наладзіцца для далейшага пуці. Магчыма, невялікая застава і магла існаваць на тым месцы, дзе пазней узнік Зецела.

П. А. Русаў

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/